У сярэдзіне жніўня ўдзельнікі Душпастырства студэнтаў і старэйшай моладзі OPEN з Гродна правялі незвычайныя рэкалекцыі на байдарках на тэму «Стварэнне як выраз Божай любові да чалавека».
Як паведаміў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Вк адказны за душпастырства OPEN кс. канонік Антоні Грэмза, падчас рэкалекцый на вадзе іх удзельнікі разважалі над тым, што яны лічаць Божым дарам.
У атмасферы духоўнай засяроджанасці, стварэнню якой спрыяла знаходжанне воддаль ад гарадской мітусні і штодзённых справаў, кожны шукаў адказ на пытанне, як грэх перашкаджае яму жыць з Богам. На ўлонні роднай прыроды юнакі і дзяўчаты імкнуліся зразумець, што трэба рабіць, каб заўсёды заставацца новым стварэннем Хрыста.
«Бог стварыў усё, каб стварэнне сваім існаваннем і жыццём праслаўляла свайго Створцу», — напісаў святар на сваёй старонцы.
Рэкалекцыі сталі для іх удзельнікаў заахвочаннем да таго, каб разам адкрываць і пазнаваць задумы Бога і такім чынам выканаць усё, што Ён для нас запланаваў.
Сузіраючы прыгажосць Божага стварэння, разам молячыся і разам пераадольваючы цяжкасці сплаву на байдарках, юнакі і дзяўчаты захапляліся дарам стварэння і праслаўлялі Бога за дар іншага чалавека.
Дзякуючы гэтаму ўдзельнікі рэкалекцый глыбей адчулі, што Бог паклікаў іх да жыцця, каб на зямлі яны разам будавалі супольнасць Яго дзяцей.