Як паведаміў сайт Grodnensis.by, 7 жніўня фігура святога Міхала Арханёла ў межах перегрынацыі, якая адбываецца у нашай краіне, прыбыла ў Смаргонь.
На вуліцы горада выйшлі прывітаць фігуру мясцовыя жыхары. Пасля ў працэсіі са спевам фігура была ўнесена ў касцёл св. Міхала Арханёла, дзе служаць ксяндзы салезіяне.
У старадаўняй святыні адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў кс. Ігар Лашук, ініцыятар і арганізатар перэгрынацыі.
Для смаргонскіх вернікаў гэта была асаблівая малітоўная сустрэча, бо тут асаблівым чынам ушаноўваецца св. Міхал Арханёл, якому прысвечана найстарэйшая святыня ў горадзе. Падчас святой Імшы яе ўдзельнікі маліліся за гэтую парафіяльную супольнасць, за свой родны горад і за ўсю краіну, каб святы Міхал аберагаў наш народ ад усялякага зла і небяспекаў.