Пошук

02.08.2019 11:15   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Анастасія Раманава / Catholic.by

1 жніўня ў Івянец прыбылі ўдзельнікі Дзявятай парафіяды дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Удзел у парафіядзе — касцёльным спартова-культурным мерапрыемстве — цудоўная летняя прыгода, якая кожны год збірае ўсё больш ахвочых праявіць свае духоўныя і мастацкія таленты, а таксама фізічныя здольнасці.

Сёлета 125 дзяўчынак і хлопчыкаў з васьмі гадоў і юнакоў і дзяўчат да сямнаццаці гадоў прадстаўляюць 10 каманд з розных парафій Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Самая шматлікая каманда з парафіі святой Ганны ў Дзяржынску складаецца з васямнаццаці ўдзельнікаў.

Многія сустракаюць у Івянцы сяброў, з якімі пазнаёміліся на мінулых парафіядах. Адразу пасля прыезду трэба паклапаціцца пра жытло, якім для большасці на чатыры дні стануць турыстычныя намёты. Не кожны можа хутка і якасна паставіць намёт, таму больш спрактыкаваныя дапамагаюць у гэтай справе менш дасведчаным аднагодкам. У лагеры ўдзельнікаў парафіяды адчуваецца дух сапраўднага братэрства, які не пакіне ўдзельнікаў і падчас спаборніцтваў.

Бліжэй да вечару адказныя каманд збіраюцца на жараб’ёўку. З непразрыстага пакета прадстаўнікі кожнай каманды па чарзе вымаюць шарыкі для настольнага тэнісу з напісанымі на іх лічбамі ад аднаго да дзесяці — па колькасці каманд-удзельніц.

У гэты час у Івянец прыбывае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

Ён падыходзіць да стала, дзе адбываецца жараб’ёўка, і абменьваецца прывітаннем з арганізатарамі і адказнымі. Некалькі жартаў іерарха падымаюць усім настрой і ствараюць радасную, нязмушаную атмасферу.

 

Пасля прыезду, усталявання і жараб’ёўкі прыходзіць час падсілкавацца. Малітву на пачатку вячэры праводзіць арцыбіскуп Кандрусевіч.

Пасля фізічнага пасілку адбываецца падрыхтоўка да пасілку духоўнага — святой Імшы. Слова іерарха і Эўхарыстыя духоўна ўмацоўваюць удзельнікаў парафіяды, і з касцёла яны ў сапраўдным алімпійскім шэсці скіроўваюцца да помніка святому Яну Паўлу ІІ, дзе адбываецца цырымонія адкрыцця.

І вось агонь Дзявятай парафіяды дзяцей і моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі запалены!

У бліжэйшыя дні Івянец будзе жыць гэтай цудоўнай рэлігійна-мастацка-спартовай падзеяй, гэтай цудоўнай летняй прыгодай, імя якой — парафіяда. Сачыце за развіццём падзей на парафіядзе ў Івянцы разам з парталам Catholic.by.

Абноўлена 02.08.2019 18:33
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа