Пошук

27.07.2019 18:09   Тэкст: Алена Антаневіч, Анастасія Грышан / Фота: Марыя Загорская / Catholic.by

27 ліпеня адбылося асвячэнне касцёла св. Ганны ў Плешчаніцах. Асвячэнне здзейсніў падчас урачыстай літургіі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі.

На асвячэнне новага касцёла, які быў пабудаваны былым пробашчам парафіі а. Войцехам Вальчынам MSF, прыбылі вернікі з усяго Лагойскага раёна.

Трымаючы ключ ад святыні, арцыбіскуп са слязьмі на вачах узгадаў пра часы, калі касцёлы зачыняліся. Сёння ж ён з вялікай радасцю адчыніў дзверы і запрасіў усіх да шчырай малітвы і падзякі за яшчэ адзін новы касцёл. Усім дабрадзеям і ахвярадаўцам падзякаваў за падтрымку будаўніцтва святыні пробашч парафіі а. Тамаш Маліноўскі MSF.

У гаміліі падчас святой Імшы, прыгадаўшы рэфрэн рэспансарыйнага псальму: «З радасцю ўвойдзем у дом Пана», арцыбіскуп падкрэсліў, што вялікай радасцю для парафіі з’яўляецца асвячэнне касцёла. На тварах усіх прысутных можна было заўважыць радасць, удзячнасць і шчырае захапленне. Доўгія дзесяцігоддзі ганенняў мясцовыя вернікі былі пазбаўлены магчымасці карыстацца з паслугі Касцёла. Цяпер жа, дзякуючы прыхільнасці ўладаў, якія перадалі безгаспадарны будынак парафіі, дзякуючы старанням былога і сённяшняга пробашчаў, спонсараў і парафіян, такая магчымасць ёсць.

Іерарх дадаў, што пасля сацыяльна-палітычных перамен пачатку 90-х гадоў ХХ ст. людзі маліліся ў прыватным доме, у 2012 г. была асвечана капліца, сёння — касцёл.

Так паступова парафія адраджалася, каб мець усе набходныя ўмовы для плённай дзейнасці. Таму, па яго словах, сённяшняя падзея ў Плешчаніцах — свята для парафіі, усёй дыяцэзіі і нашай краіны, бо на яе мапе з’явілася яшчэ адно месца сустрэчы чалавека з Богам.

Атэісты хацелі знішчыць Касцёл, але гісторыя паказала, што ён не памёр і адраджаецца, як фенікс з попелу, адзначыў арцыбіскуп.

«У касцёле абвяшчаецца Божае слова, цэлебруюцца сакрамэнты, ажыццяўляецца дабрачынная праца. У наш час, калі свет адыходзіць ад Бога, неабходна з новай моцай абвяшчаць вечна жывое і дзейснае Божае слова, — сказаў іерарх. — Дабрачынная праца — гэта практычны знак праяўлення любові да патрабуючага. (…) Дапамагчы камусьці азначае не толькі дапамагчы матэрыяльна, але і дапамагчы знайсці шлях да Бога».

Арцыбіскуп дадаў, што асвячэнне касцёла адбываецца ў парафіяльнае свята св. Ганны — маці Найсвяцейшай Панны Марыі. Святая Ганна разам са сваім мужам святым Яўхімам так выхавалі сваю дачку Марыю, хто ў рашучую хвіліну Звеставання тая згадзілася з Божай воляй.

«Касцёл — гэта наша Маці, і таму яго заданне — духоўна нараджаць і выхоўваць маладога чалавека»,

— заўважыў іерарх.

Арцыбіскуп пажадаў, каб касцёл св. Ганны, як месца сустрэчы чалавека з Богам, быў заўсёды напоўнены вернікамі і тымі, хто шукае Бога, каб быў месцам удасканальвання і выхавання кожнага чалавека, асабліва маладога, як надзеі нашага грамадства.

На пачатку абраду асвячэння касцёла арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч благаславіў ваду і акрапіў вернікаў, сцены і алтар. Пасля Літаніі да Усіх Святых настаў урачысты момант памазання святым алеем сцен і алтара. Пазней іерарх акадзіў алтар, інтэр'ер і вернікаў. Пасля гэтага ўвесь касцёл заззяў у святле запаленых лямпаў, а на алтары запаліліся свечкі ў знак таго, што Езус — гэта адзінае святло свету. Калі алтар быў засцелены белым абрусам, арцыбіскуп усіх павіншаваў, адзначаючы, што цяпер святыня лічыцца кансэкраванай, у адказ на што прысутныя запляскалі ў далоні.

У заключным слове, спалучаным з падзякай, а. Тамаш Маліноўскі падкрэсліў, што дзень кансэкрацыі ўпісаны ў залатую гісторыю парафіі. Гэта дзень, калі мы даручаем касцёл і нас саміх Богу. Гэтае вялікае свята — не толькі кульмінацыя некаторых цяжкасцяў, але і задача на будучыню. «Мы павінны ўмацоўваць нашы духоўныя сувязі, клапаціцца не толькі пра прыгажосць гэтага храма, але і пра прыгажосць нашага сэрца», — сказаў святар.

 

Абноўлена 30.07.2019 16:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа