Пошук

22.07.2019 13:44   Тэкст: Наталля Алёхна / Catholic.by
Фота Наталлі Сапрыкінай

Сёлета аднаму з самых высокіх касцёлаў Беларусі — касцёлу Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі ў пасёлку Відзы Віцебскай дыяцэзіі — спаўняецца 105 гадоў. З такой нагоды 20 ліпеня пробашчам відзаўскай парафіі кс. Альфрэдам Пяхотам быў арганізаваны «Марафон 105».

Прабег пачаўся а 8-й гадзіне раніцы супольнай малітвай. Біскуп Віцебскі Алег Буткевіч благаславіў ружанцы, на якіх маліліся падчас марафону ўдзельнікі.

Ім трэба было пераадолець адлегласць у 105 кіламетраў.

Дзякуючы ўдзелу біскупа Алега Буткевіча, мясцовых уладаў і з Божай дапамогай прабег адбыўся. На шляху былі малітва на могілках, благаслаўленне новага крыжа ў вёсцы Маярышкі, які быў зроблены з металу мясцовым майстрам Ф. Ванагам, праслужыць вельмі доўга і будзе нагадваць нашчадкам аб нашай моцнай веры.

Не абышлося і без «смачных» прыпынкаў: у Казянах і Падрукшы мясцовыя кулінары накармілі ўдзельнікаў марафону апетытнымі сняданкам і абедам. Удзельнікі памаліліся ў каплічцы на могілках ля вескі Сіпавічы, фундатарам якой была каралева Польшчы Ядвіга.

Бегуноў было звыш 40, іх узрост складаў ад 3 да 57 гадоў.

Хтосьці прыйшоў на марафон адзін, хтосьці з сябрамі, хтосьці прыехаў з-за мяжы, удзельнічалі нават сем’ямі, але ў канцы ўсе сталі блізкімі, роднымі, з марамі аб новым марафоне і працягам святкавання 105-годдзя касцёла, бо ўжо 22 ліпеня адбудуцца рэкалекцыі для дзяцей і моладзі, а 25 жніўня — парафіяда.

Дарэчы, самы вытрыманы ўдзельнік прабег каля 30 кіламетраў, але ніхто дакладна не лічыў, хто больш прабег ці больш маліўся. Пілігрымы прысвяцілі марафон асабістым інтэнцыям: за мір ва ўсім свеце, за дзяцей, за моладзь, за духавенства і гэтак далей, а вяла ўсіх адзіная мэта — праславіць Пана Бога.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.