Пошук

08.07.2019 15:31   Catholic.by
Фота Аляксандры Шчыглінскай

8 ліпеня ксёндз канонік Уладзіслаў Завальнюк адзначае свой 70-гадовы юбілей. З гэтай нагоды юбіляра павіншаваў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Кіраўнік каталіцкага епіскапату нашай краіны адзначыў вялікі і неацэнны ўнёсак, зроблены адным з найстарэйшых святароў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, пробашчам парафіі св. Сымона і св. Алены ў Мінску, у справу адраджэння веры і структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі пасля дзесяцігоддзяў савецкага пераследу веры.

Уладзіслаў Завальнюк пачуў голас Хрыста, які паклікаў яго да святарства, у той час, калі з рэлігіяй вялося жорсткае змаганне.

Стаўшы святаром у далёкім 1974 годзе, малады ксёндз Уладзіслаў прыйшоў на дапамогу тым нешматлікім душпастырам, якіх з кожным годам станавілася ўсё менш.

Архіўнае фота

Яго святарскае служэнне праходзіла ў розных частках Савецкага Саюза, пакуль напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя Божы Провід не прывёў яго ў Беларусь, якая стала для ксяндза Уладзіслава другою радзімаю.

Тут ён адразу ж актыўна ўключыўся ў адраджэнне рэлігійнага жыцця.

Дзякуючы душпастырскай руплівасці ксяндза Уладзіслава Завальнюка і намаганням мінскіх католікаў удалося аднавіць набажэнствы ў касцёле св. Сымона і св. Алены, вядомым як Чырвоны касцёл, які сёння з’яўляецца важным асяродкам рэлігійнага жыцця і адным з сімвалаў беларускай сталіцы.

Ксёндз Уладзіслаў таксама распачаў намаганні, скіраваныя на вяртанне вернікам галоўнай каталіцкай святыні Мінска — катэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі і разам з кардыналам Казімірам Свёнткам давёў гэтую справу да канца. З імем сённяшняга пробашча парафіі св. Сымона і св. Алены звязана вяртанне не аднаго касцёла і заснаванне новых парафій у Мінску і наваколлі.

Фота Віталія Палінеўскага

Вядомы сваімі творчымі евангелізацыйнымі задумамі, кс. Уладзіслаў паспрыяў развіццю культу Маці Божай Будслаўскай ва ўсёй Беларусі і арганізацыі пешых пілігрымак да святыні. Не апошнюю ролю адыграў святар і ў тым, што Будслаўскі фэст нядаўна быў унесены ЮНЕСКА ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў чалавецтва.

Немагчыма пералічыць усіх ініцыятываў і заслугаў гэтага рупліўца на Божай ніве, ды наўрад ці і трэба гэта рабіць: усе яны і без таго вядомыя Богу, якому святар аддана служыць ужо 45 гадоў.

Мясцовы Касцёл таксама ацаніў іх, надаўшы ксяндзу Уладзіславу Завальнюку годнасць каноніка Мінска-Магілёўскага катэдральнага капітулу.

Фота Віталія Палінеўскага

Віншуючы святара з 70-гадовым юбілеем, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч скіраваў яму словы шчырай пастырскай падзякі за ўсё тое, што ён рабіў і робіць на карысць вернага народа Мінска-Магілёўскага Касцёла. Іерарх пажадаў ксяндзу Уладзіславу духоўнай і фізічнай моцы, а таксама ўсіх патрэбных ласкаў і заступніцтва Маці Божай Будслаўскай на доўгія і святыя гады служэння Богу і людзям на беларускай зямлі.

Дырэктар парталу Catholic.by ксёндз Аляксандр Улас і супрацоўнікі рэдакцыі таксама шчыра віншуюць ксяндза каноніка Уладзіслава Завальнюка з 70-гадовым юбілеем і жадаюць яму моцнага здароўя, сапраўднага хрысціянскага аптымізму і радасці на кожны новы дзень жыцця.

Абноўлена 10.07.2019 17:14
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.