Пачаткам урачыстасцяў у Будславе можна лічыць прыбыццё першых пілігрымаў. Такім чынам, Будслаўскі фэст 2019 распачаўся!
Першымі прывіталі Марыю ў Яе цудатворнай будслаўскай іконе ўдзельнікі велапілігрымкі з Баранавічаў.
Такім чынам, пілігрымка на роварах на гэтым фэсце стала першай групай пілігрымаў з 23-х чалавек, якія, праехаўшы за пяць дзён каля 250 кіламетраў, дасягнулі мэты свайго духоўнага вандравання.
Пешкі першымі прыйшлі ў Будслаў пілігрымы з Ракава, як, зрэшты, і ў мінулыя гады. Сёлета іх 68 чалавек.
Сёлета надвор’е зноў стала вялікім выпрабаваннем для тых, хто пешкі і на роварах вандраваў у Будслаў. Як для ліпеня, цяпер у Будславе даволі прахалодна — не больш за 15 градусаў і з раніцы ўвесь час імжыць.
Пакінуўшы сваіх «жалезных коней» каля ўваходу ў святыню, дзе сустрэў першых сёлетніх пілігрымаў пробашч будслаўскай парафіі кс. Дзмітрый Дубовік, вымаклыя, але шчаслівыя, набліжаюцца яны да мэты свайго вандравання — цудадзейнага абраза Маці Божай. Як і летась, ад уваходу ў базыліку да алтара працягнулася мокрая сцяжынка, якую пілігрымы традыцыйна праходзяць на каленях.
Калі ж вочы сустракаюць лагодны і пяшчотны позірк Маці з Божым Дзіцяткам на руках, халодная дажджавая вада на тварах у многіх мяшаецца з гарачымі слязьмі радасці і хвалявання.
Гэты матчыны позірк Багародзіцы дасягае да самага сэрца і напаўняе душу цеплынёю, якая саграе лепш за цёплае і сухое адзенне.
А вусны ў гэтую незабыўную хвіліну сустрэчы з Матуляй самі шэпчуць словы Анёльскага прывітання: «Вітай, Марыя, поўная ласкі…»