Пошук

08.07.2019 12:53   Тэкст і фота: Ілона Урбановіч / Catholic.by

З 25 па 29 чэрвеня ў парафіі святых апосталаў Пятра і Паўла ў Дзітве (Лідскі дэканат Гродзенскай дыяцэзіі) адбыліся святыя місіі, якія праводзіў а. Андрэй Агель SP.

У гэтыя дні, асаблівым чынам насычаныя малітвай і Божым словам, вернікі не толькі аднавілі сваё духоўнае жыццё, але і ўзмацнілі веру, каб мужна ісці за Хрыстом, нягледзячы на цяжкасці сённяшняга свету.

На заканчэнне святых місій, 29 чэрвеня, адбыўся парафіяльны адпуст з нагоды ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла.

Ён сабраў не толькі сённяшніх жыхароў Дзітвы, але і тых, хто паходзіць з гэтай мясцовасці і застаецца верным сваёй парафіі. Цэлебрацыю святой Імшы ў гэты дзень узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі. З ім разам маліліся біскупскі вікарый кс. канонік Уладзімір Гуляй і святары Лідскага дэканату.

У гаміліі біскуп Юрый прыгадаў постаць і жыццёвы шлях кожнага з апосталаў, якія былі вельмі рознымі людзьмі, але якіх аб’ядноўвала адзіная мэта — несці Божае слова і ісці за Хрыстом да самай смерці.

Напрыканцы Імшы прадстаўнікі парафіі распавялі гісторыю стварэння супольнасці і будаўніцтва святыні, для якога прыклаў вялікія намаганні пробашч кс. Рышард Перчак пры падтрымцы мясцовых вернікаў. Яны выказалі шчырую падзяку а. Андрэю Агелю SP за благаслаўлёны час святых місій, а таксама біскупу Юрыю Касабуцкаму, які ўпершыню наведаў парафію ў Дзітве.

Біскуп адзначыў, што яго асабліва ўразіў малітоўны подых, які адразу адчуваецца ў гэтай невялікай і не так даўно пабудаванай святыні, а таксама шчыры клопат і любоў парафіянаў.

Урачыстасць завяршылася эўхарыстычнай працэсіяй і благаслаўленнем місійнага крыжа, які быў ушанаваны спачатку духавенствам, а потым і ўсімі прысутнымі і які цяпер заўсёды будзе нагадваць кожнаму пра гэтую важную падзею ў жыцці і гісторыі парафіі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.