Пошук

24.06.2019 13:07   Тэкст: Аліна Жук / Фота: Ангеліна Саковіч / Catholic.by

22 чэрвеня ў Нясвіжы адзначылі адпустовую ўрачыстасць у гонар Божага Цела, падчас якой 32 кандыдаты з Нясвіжа і Замосця прынялі сакрамэнт канфірмацыі. Сакрамэнт хрысціянскай сталасці ўдзяліў ім дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB.

Да гэтага адказнага моманту намашчэння Духам Святым і прыняцця Яго асаблівых дароў кандыдаты рыхтаваліся на працягу года праз паглыбленне сваіх рэлігійных ведаў і ўдзел у набажэнствах. Паздзяліць радасць падвойнага свята ў Нясвіж сабраліся святары з усяго наваколля: Гарадзеі, Замосця, Капыля, Клецка, Крупак, Слуцка.

У прамоўленым Божым слове біскуп Аляксандр Яшэўскі, які нясе пастырскае служэнне на Магілёўшчыне, засяродзіў увагу прысутных на вялікай, неацэннай каштоўнасці Эўхарыстыі для шчаслівага жыцця чалавека. Іерарх зазначыў, што Цела Хрыста — гэта самы каштоўны скарб, які мае Касцёл.

«Разгубленасць, а нярэдка і няшчасце сучаснага хрысціяніна, які жыве ва ўмовах, калі можна свабодна вызнаваць сваю веру, вынікае з таго, што яму не хапае жадання.

Не хапае ўласнага шчырага жадання выбіраць Хрыста кожны дзень; пазнаваць Яго, сябраваць з Ім і жыць Ім у штодзённасці», — падкрэсліў біскуп.

Ён дадаў, што Езус варты больш за ўсё іншае, і Ён сапраўды мае моц перамяніць нашае жыццё.

«Самыя вялікія цуды адбываюцца падчас Эўхарыстыі», — сцвердзіў іерарх і заахвоціў вернікаў як мага часцей асабіста сустракацца з Езусам у святой Імшы, прымаючы Яго Цела.

Акрамя таго, пастыр параўнаў чалавечае жыццё з самалётам, якм кіруюць два «пілоты»: чалавечы розум і Святы Дух. У пэўны момант трэба цалкам даверыць кіраванне самалётам нашага жыцця Святому Духу. Калі чалавек вучыцца распазнаваць Ягоны голас, дазваляе Яму дзейнічаць і кіраваць, жыццё паступова перамяняецца згодна з Божым планам.

Звярнуўшыся да кандыдатаў, біскуп Аляксандр падкрэсліў важнасць сакрамэнту канфірмацыі, у якім вернік становіцца яшчэ бліжэй да Хрыста; становіцца Яго «рыцарам»: асаблівым вызнаўцам, сталым абаронцам. Таму іерарх заклікаў новых «рыцараў Хрыста», а таксама ўсіх прысутных, асабліва моладзь, да мужнага вызнавання веры ў сваім асяроддзі і прыняцця адказнасці не толькі за сваё духоўнае развіццё, але і за будучыню Касцёла. Паводле іерарха, з’яўленне новых сясцёр законных, святароў і біскупаў залежыць менавіта ад уласнага выбара юнака ці дзяўчыны, які будзе зроблены пад кіраўніцтвам Святога Духа.

На заканчэнне святой Імшы адбылася ўрачыстая працэсія з Найсвяцейшым Сакрамэнтам па вуліцах горада.

Хрыстус прайшоў там, дзе кожны дзень ходзяць мясцовыя жыхары і шматлікія турысты.

Бог ішоў разам з тымі, хто пабожна маліўся і праслаўляў Яго сваім хваласпевам; прайшоў сярод людзей з сур’ёзнымі тварамі, якія назіралі з боку, стоячы на ходніку; не абмінуў Ён і тых, хто адварочваў твар або не змяншаў хуткасць, едучы міма на машыне.

Бог не абмяжоўвае сваёй ласкі, не вылучае лепшых: Ён цалкам аддае сябе кожнаму, хто прагне Яго прыняць. Яго ахопленага бязмежнай любоўю Божага сэрца хапае на ўсіх.

Абноўлена 25.06.2019 11:31
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа