Пошук

14.11.2018 10:41   Catholic.by
Фота Віталій Чайка / radzima.org

25 лістапада ў Дабраўлянах (Смаргонскі раён) з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага ўрачыста адзначаць 25-годдзе асвячэння капліцы святых апосталаў Пятра і Андрэя.

Дабраўляны — маёнтак, вядомы з XVI ст., які належаў прадстаўнікам розных шляхецкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага.

У 1818 г. Дабраўляны набыў граф Адам Гюнтэр, бацька вядомай польскамоўнай паэткі, пісьменніцы і мемуарысткі Габрыэлі Пузыні. Да шлюбу Габрыэля жыла ў бацькавым маёнтку, дзе бывалі такія дзеячы культуры, як Ігнат Ходзька (пазней ён адрэдагаваў і давёў да друку яе першы паэтычны зборнік «У імя Божае»), Антоні Эдвард Адынец (пазней літаратурны радца і сябра паэткі), Ян Дамель, Юліян Корсак, Ян Рустэм, Андрэй Снядэцкі, Марыя Шыманоўская, Тамаш Зан. У дабраўлянскім палацы, які не захаваўся, была таксама і хатняя капліца.

Традыцыйна жыхары гэтай мясцовасці былога Свянцянскага павету даўняй Віленшчыны належалі да парафіі ў Свіры. Сённяшняя капліца ў Дабраўлянах, якая размяшчаецца ў будынку ХІХ ст., на пачатку 90-х гадоў была адноўлена мясцовымі вернікамі разам з тагачасным свірскім пробашчам кс. Войцехам Леманскім.

Капліца была асвячана ў гонар святых апосталаў Пятра і Андрэя арцыбіскупам Мінска-Магілёўскім і будучым кардыналам Казімірам Свёнткам у свята св. Андрэя, апостала, 30 лістапада 1993 г.

Сёння мясцовымі вернікамі духоўна апякуецца пробашч парафіі св. Мікалая, біскупа, у Свіры кс. канонік Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскі.

З нагоды 25-гадовага юбілею асвячэння капліцы св. апосталаў Пятра і Андрэя ў Дабраўлянах 25 лістапада а 13-й гадзіне цэлебрацыю ўрачыстай св. Імшы ўзначаліць Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Мясцовыя вернікі і іх пробашч кс. Багуслаў Маджэеўскі шчыра запрашаюць падзяліць з імі радасць святкавання юбілею асвячэння капліцы.

Абноўлена 14.11.2018 15:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа