14 ліпеня адбудзецца IV Пешая пілігрымка, якая пройдзе ад гродзенскага францішканскага касцёла Маці Божай Анёльскай да месца спачынку расстраляных гітлераўцамі жыхароў Гродна і Ліпска на Навумавіцкім форце. Завершыцца пілігрымка св. Імшой.
У 75-ю гадавіну расстрэлу гітлераўцамі жыхароў г. Гродна і г. Ліпска біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч запрашае вернікаў узяць удзел у IV Пешай пілігрымцы на месца спачынку ахвяраў нацызму, якая распачнецца ад францішканскага касцёла Маці Божай Анёльскай а 12-й гадзіне і завершыцца св. Імшой на Навумавіцкім форце а 19-й гадзіне.
«Падчас святой Імшы мы будзем маліцца ў інтэнцыі ахвяраў, а таксама выпрошваць заступніцтва благаслаўлёнай Мар’яны Бярнацкай, якая разам з іншымі ахвярамі спачывае на месцы расстрэлу», — паведамляе пастыр Гродзенскай дыяцэзіі.
Умовы ўдзелу
- Пілігрымы збіраюцца на супольную малітву ў францішканскім касцёле Маці Божай Анёльскай а 12-й гадзіне. Адтуль пілігрымка пройдзе вуліцамі г. Гродна да Адамавічаў праз Міцкавічы на Форт № 2.
- Удзел непаўналетніх пілігрымаў магчымы толькі ў суправаджэнні апекуноў.
- Неабходна мець зручны абутак для грунтовай дарогі; пажадана мець з сабой турыстычны дыванок і ежу.
- Ёсць магчымасць даехаць на Навумавіцкі форт транспартам з прыпынку крама «Баторыя» (Савецкая плошча). Ад’езд аўтобусамі а 18-й гадзіне.
- Пасля заканчэння св. Імшы пілігрымы і іншыя ўдзельнікі вяртаюцца аўтобусамі ў Гродна.
- Аплата за праезд аўтобусамі добраахвотная.