Душпастырская ініцыятыва чыкагскіх католікаў упершыню адбылася ў 2007 годзе і паступова распаўсюдзілася па ўсім свеце. У Мінску яна ладзіцца ўжо сёмы год.
У беларускай сталіцы «Ноч канфесіяналаў» традыцыйна пройдзе ў касцёле Маці Божай Будслаўскай і сёлета адбудзецца 28 сакавіка.
У гэты дзень там будзе магчымасць прыступіць да споведзі з 18.00 да 24.00.
«Гэта ініцыятыва прызначана ў першую чаргу для тых, каму ў працоўнай мітусні не хапае часу на споведзь. Чалавек сёння забеганы і часта не паспявае своечасова паспавядацца. Каб даць такую магчымасць, мы і правядзём „Ноч канфесіяналаў“», — паведаміў кс. Францішак Рудзь.
Варта адзначыць, што споведзь і Камунія ў Велікодны перыяд адносяцца да аднаго з пяці касцёльных наказаў і з’яўляюцца абавязковымі для католікаў.
Напярэдадні стала вядома, што Папа Рымскі ўдзяліў асаблівае благаслаўленне для спаведнікоў, якія спрычыняцца да ініцыятывы вечаровай споведзі (т. зв. «Ноч канфесіяналаў»).
Святы Айцец падкрэсліў важнасць таямніцы споведзі і адзначыў: «Святара можна замяніць у многім, але не ў канфесіянале».