У падтрымку мараторыя на вышэйшую меру сыграюць гурты «Дай дарогу!», AKUTE, Re1ikt, :B:N:, Haina і TonqiXod.
Фестываль «Рок за жыццё», прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, сёлета пашырае геаграфію і пройдзе адразу у двух гарадах Беларусі. Гурты «Дай дарогу!», AKUTE, Re1ikt, :B:N: і Haina выступяць 7 кастрычніка ў Брэсце ў клубе «Фантазія» (вул. Сікорскага, 76). А 8 кастрычніка да гэтага складу далучыцца TonqiXod і канцэрт пераедзе ў сталічны Re:Public.
Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання адзначаецца 10 кастрычніка. Ён заснаваны Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання — аб'яднаннем прафсаюзаў, мясцовых і рэгіянальных органаў улады, юрыдычных асацыяцый, а таксама праваабарончых арганізацый з мэтай паўсюднай забароны на гэты від вышэйшай меры пакарання.
Прыхільнікі руху выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння, незалежна ад характару злачынства, характарыстык злачынцы і спосабу, якім дзяржава пазбаўляе жыцця асуджанага. Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё, абвешчанае ў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека.
Беларусь дагэтуль застаецца апошняй еўрапейскай і адзінай постсавецкай краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне. Паводле звестак праваабаронцаў, за апошнія 20 гадоў у краіне пакарана больш за 400 чалавек.
5 кастрычніка распачынаецца традыцыйны Тыдзень супраць смяротнага пакарання, мерапрыемствы якога будуць праходзіць пад дэвізам «Смяротнае пакаранне — гэта мінулае».
Упершыню фестываль «Рок за жыццё», прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, прайшоў у Мінску 8 кастрычніка 2016 года ў клубе Re:Public.
Набыць квіткі можна ў касах і на сайце білетнага аператара Kvitki.by (https://www.kvitki.by/rus/bileti/muzyka/kluby/festival-rok-za-zhycce-225987/). Даведкі па тэлефоне: +375 29 121 22 96