
12 верасня Мінск будзе святкаваць 959-ю гадавіну заснавання. У гэты ж дзень Касцёл ушаноўвае Найсвяцейшае Імя Марыі, а мінская архікатэдра перажывае сваю парафіяльную ўрачыстасць.
Горад — гэта не проста геаграфічная кропка, а жывая прастора, дзе кожны з нас жыве, працуе, сустракаецца з іншымі. Нягледзячы на розніцу ва ўзросце, веравызнанні ці прафесіі, нас усіх яднае любоў да Мінска і жаданне бачыць яго квітнеючым.
З благаслаўлення Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, па закліку Біскупскага вікарыя Мінскага душпастырскага рэгіёна ксяндза каноніка доктара Яна Крэміса, дзень 959-й гадавіны заснавання Мінска падчас Імшаў у мінскіх парафіях будуць узносіцца малітвы за нашу сталіцу і яе жыхароў. Таксама мінская архікатэдральная парафія перажывае ўрачыстасць тытулу касцёла і запрашае вернікаў на святочную Імшу ў гонар Маці Божай (у 7.00, 8.00, 12.00 ці 18.30). Паводле інфармацыі парафіяльнай інтэрнэт-старонкі katedra.by, пасля Імшы ў 12.00 адбудзецца пачастунак, падчас якога можна будзе пазнаёміцца з рознымі рухамі, малітоўнымі групамі і групамі па паглыбленні каталіцкай веры, якія дзейнічаюць пры парафіі.
Душпастыры заклікаюць усіх вернікаў да супольнай малітвы за сталіцу. Пробашчам мінскіх парафій рэкамендавана, дзе гэта магчыма, арганізаваць святочнае гучанне званоў.
З Днём нараджэння Мінска! Няхай гэта свята будзе напоўненае малітоўным уздымам, добрымі справамі і радасцю.







