
Старажытны і маляўнічы горад Паставы налічвае каля 20 тысяч жыхароў. Большасць — католікі. Да нядаўняга часу ўсе належалі да адной парафіі — Святога Антонія Падуанскага і наведвалі касцёл, якому больш за 100 гадоў.
Аднак час і духоўныя патрэбы вернікаў патрабавалі пашырэння. У 2019 годзе ў мікрараёне 5-га гарадка разгарнулася маштабная справа. Па ініцыятыве саміх жыхароў і з благаслаўлення біскупа Віцебскай дыяцэзіі Алега Буткевіча пачалося будаўніцтва новага каталіцкага храма, які атрымаў тытул Езуса Міласэрнага. Гэтая прыгожая святыня — плён шматгадовай сумеснай працы, шчырых малітваў, матэрыяльнай ахвярнасці і трывалай веры кожнага чалавека, які прыклаў свае намаганні і сэрца да ўзвядзення Божага дому.
Надышоў хвалюючы момант, да якога парафія ішла некалькі гадоў.
13 верасня ў 15.00 адбудзецца ўрачыстае пасвячэнне касцёла і алтара парафіі Езуса Міласэрнага.
Ганаровым госцем свята будзе біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч, які ўзначаліць урачыстую святую Імшу. Яго візіт і супольная малітва падкрэсліваюць гістарычную важнасць гэтай падзеі не толькі для Пастаўшчыны, але і для ўсёй каталіцкай супольнасці Віцебскай вобласці.
З радасцю і хваляваннем у сэрцы ксёндз канонік Павел Самсонаў, пробашч парафіі Езуса Міласэрнага ў Паставах, а таксама парафіяне, запрашаюць усіх жадаючых — мясцовых жыхароў, гасцей горада, вернікаў іншых канфесій з розных куточкаў Беларусі — далучыцца да урачыстасці, якая стане новай яркай старонкай у духоўным і культурным жыцці рэгіёна, і разам адкрыць дзверы святыні для асаблівага Божага благаслаўлення для сем’яў, горада і краіны.







