Пошук

20.01.2025 11:11   Catholic.by
Ілюстрацыйнае фота Аляксандры Шчыглінскай

У панядзелак 3 лютага ў парафіі Божага Цела ў Мінску, дзе служэнне нясуць айцы кармэліты босыя, у межах святкавання 2025-годдзя Юбілею хрысціянства пройдзе агульнабеларускі Дзень кансэкраванага жыцця.

Такія мерапрыемствы штогод праходзяць з нагоды ўрачыстасці Ахвяравання Пана, якая ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца 2 лютага і з’яўляецца таксама Днём кансэкраванага жыцця — асаблівым святам усіх тых, хто без рэшты прысвяціў сябе служэнню Богу ў манаскім або законніцкім жыцці праз абяцанні паслухмянасці, чыстасці і ўбоства.

Дэвізам агульнабеларускай сустрэчы кансэкраваных асоб у Святы год Юбілею будуць словы «Пілігрымы надзеі на шляху да міру».

  • Увага! Для лепшай арганізацыі сустрэчы неабходна пацвердзіць удзел у ёй да 30 студзеня ўключна па спасылцы ТУТ>>>

Тэме надзеі і міру будзе таксама прысвечана сустрэча кансэкраваных асобаў з усяго свету, якая адбудзецца ў Рыме ў межах Юбілею 8–9 кастрычніка 2025 года. Яна мае на мэце падкрэсліць заданне кансэкраваных асобаў быць носьбітамі прымірэння ў сваіх краінах.

Старшыня групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі ксёндз Андрэй Лысы SChr запрашае ўсіх кансэкраваных асобаў, якія нясуць служэнне ў нашай краіне, а таксама ўсіх людзей добрай волі, якія хочуць маліцца за кансэкраваных асобаў, узяць удзел у гэтай падзеі.

Праграма сустрэчы

  • 11.00 – прывітанне, малітва (Літургія гадзінаў), канференцыя
  • 11.45 – падрыхтоўка да Эўхарыстыі
  • 12.00 – святая Імша з аднаўленнем манаскіх абяцанняў (узначальвае цэлебрацыю біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Адказны за пастырства Інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця пры ККББ)
  • 13.15 – абед
  • 14.00 – мультымедыйная прэзентацыя манаскіх супольнасцяў, Ружанцовая малітва з разважаннямі
  • 15.00 – благаслаўленне і выезд

Адрас: г. Мінск, вул. Герасіменкі, 6/1

Абноўлена 20.01.2025 11:53
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа