У нядзелю 15 снежня ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай у мястэчку Ракаў (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Валожынскі дэканат) памоляцца за спачылага ксяндза Яна-Францішка Такарскага SDB (1900–1974), руплівага душпастыра Міншчыны, які адышоў у вечнасць 50 гадоў таму.
Цэлебрацыю святой Імшы аб вечным жыцці для памерлага святара ўзначаліць яго сабрат салезіянін, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB.
- Пачатак святой Імшы ў 10.00.
Пасля святой Імшы на парафіяльных могілках адбудзецца благаслаўленне адноўленага намаганнямі ракаўскіх вернікаў помніка на магіле святара і агульная малітва за душы памерлых святароў, якія неслі служэнне ў Ракаве.
Святароў, якія плануюць узяць удзел у цэлебрацыі, просяць паведаміць пра сваю прысутнасць па тэл.:
+375 (29) 256 89 21 — кс. Дзмітрый Чупрын, пробашч парафіі ў Ракаве.
Ксёндз Ян Такарскі, салезіянін, прыняў святарскае пасвячэнне ў 1941 годзе. Служыў у розных парафіях Беларусі, у 1948 годзе быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў зняволення. Пяць гадоў правёў у сталінскім лагеры непадалёк ад Варкуты. Па амністыі ў 1954 годзе быў вызвалены і вярнуўся ў Ракаў. Першапачаткова цэлебраваў сакрамэнты пакрыёма ў дамах парафіянаў, потым у капліцы святой Ганны на ракаўскіх каталіцкіх могілках.
Памёр ксёндз Ян Такарскі ад цукровага дыябету 15 снежня 1974 года, пахаваны ў Ракаве.