У пятніцу 1 лістапада, ва ўрачыстасць Усіх Святых, у касцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы ў Мінску адбудзецца ўрачыстае пасвячэнне абраза ў цэнтральным алтары святыні.
З нагоды 160-годдзя з часу пабудовы касцёла на даўніх Залатагорскіх могілках, найстарэйшую каталіцкую парафію ў беларускай сталіцы, гісторыя якой бярэ пачатак з канца XIV стагоддзя, наведае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Перад святой Імшой ва ўрачыстасць Усіх Святых, якая распачнецца ў 18.30, арцыпастыр здзейсніць пасвячэнне абраза ў цэнтральным алтары святыні.
Яго стварыў залатагорскі парафіянін, вядомы скульптар і мастак Валяр’ян Янушкевіч, аўтару сучаснага інтэр’ера адроджанай святыні. Да гэтага часу над табэрнакулюмам знаходзіўся аўтарскі манахромны эскіз абраза з выявай Маці Божай Унебаўзятай і Святой Тройцы.
Пробашч Залатагорскай парафіі ксёндз канонік Юрый Санько ад імя парафіянаў запрашае ўсіх ахвотных на ўрачытасць.
Адрас: г. Мінск, пр-т Незалежнасці, 44 А (ст. метро Плошча Перамогі, за Палацам мастацтваў).