Сёлетняй урачыстасці Маці Божай Бялыніцкай, Каралевы Беларусі, якая пройдзе ў нядзелю 8 верасня ў Бялынічах, што на Магілёўшчыне, будзе традыцыйна папярэднічаць 40-гадзіннае набажэнства, на якое запрашаюць вернікаў з розных мясцін нашай краіны.
Набажэнства падрыхтоўкі да святкавання распачнецца святой Імшой увечары 6 верасня.
Пробашч парафіі ў Бялынічах ксёндз Юзаф Сярпейка ад імя мясцовых вернікаў запрашае ў Бялынічы ўсіх, хто жадае ўнутранага спакою, цішыні і шчырай размовы з Богам перад абліччам Яго Найсвяцейшай Маці, а таксама тых, хто хоча ў пакаяннай малітве перапрашаць Бога за грахі ўласныя і ўсяго чалавецтва.
«У асобе Марыі мы маем магутную Заступніцу, якая пад крыжам Збаўцы прыняла гэтую місію ад свайго Сына. Добра ведаем, Марыя была прытулкам і домам для Пана Езуса яшчэ перад Яго нараджэннем, а пазней таксама гаспадыняй у Яго доме ў Назарэце. Хто з нас не хацеў бы такой ахвярнай і любячай Апякункі, як Яна?..
Духоўная апека Найсвяцейшай Панны — гэта не толькі абяцанне мора ласкі кожнаму, хто просіць Яе аб дапамозе, але таксама ўнутраны супакой і радасць, якія выплываюць з пераканання, што даверылі дом нашага жыцця найлепшай Маці», — адзначае ксёндз Юзаф Сярпейка.
Усе ахвотныя ўзяць удзел у Саракагадзінным набажэнстве, якія прыедуць у Бялынічы з іншых мясцін, будуць забяспечаны начлегам і харчаваннем.
Праграма набажэнства і ўрачыстасці ў Бялынічах
- Саракагадзіннае набажэнства распачнецца ў пятніцу 6 верасня святой Імшой у 18.30, цэлебрацыю якой узначаліць ксёндз канонік Аляксей Ляшко з Віцебска.
- Святая Імша ў суботу 7 верасня адбудзецца у 18.30. Цэлебрацыю ўзначаліць ксёндз Юзаф Сярпейка, бялыніцкі пробашч.
- Цэнтральная адпустовая святая Імша ў нядзелю 8 верасня адбудзецца пры капліцы ў Бялынічах а 15-й гадзіне. Цэлебрацыю ўзначаліць Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскайі архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
- Пасля Імшы — падрыхтаваны бялыніцкімі вернікамі пачастунак.
Ахвотным узяць удзел у Саракадзінным набажэнстве ў Бялынічах неабходна прайсці рэгістрацыю:
- анлайн-рэгістрацыя (будзе даступная ў бліжэйшы час)
- або па тэлефоне: +375 (29) 570 85 87 — ксёндз Юзаф
Увага! Пры электроннай рэгістрацыі можна выбраць зручныя для сябе гадзіны адарацыі, каб арганізатары маглі падрыхтаваць адпаведныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў.
Плануецца пешая пілігрымка з Магілёва, удзельнікі якой скіруюцца на ўрачыстасці ў Бялынічы. Інфармацыя пра пілігрымку будзе пададдзена пазней на партале Catholic.by.