Пошук

03.06.2024 05:25   Catholic.by
Фота Віктара Ведзеня / Chyrvony.by

У суботу 8 чэрвеня ў горадзе Беразіно (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Барысаўскі дэканат) адбудзецца ўрачыстае пасвячэнне касцёла Маці Божай Міласэрнасці.

У гэты дзень у Касцёле будзе адзначацца ўспамін Беззаганнага Сэрца Найсвяцейшай Панны Марыі.

Абрад пасвячэння святыні здзейсніць арцыбіскуп Юзаф Станеўскі — упершыню на пасадзе Мінска-Магілёўскага Мітрапаліта.

  • Пачатак у 11.00.
  • Адрас: г. Беразіно, вул. Красіна, 1-А.
Фота Віктара Ведзеня / Chyrvony.by

З гісторыі парафіі

Каталіцкая парафія ў Беразіне існуе з 1641 года. Першую святыню тут заснаваў Маршалак дворны літоўскі Казімір Леў Сапега па распараджэнні караля Рэчы Паспалітай Яна Казіміра.

Будаўніцтва касцёла была скончана ў 1644 годзе, і ён быў пасвячаны ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль. Пазней святыня атрымала тытул Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

На пачатку XX стагодзя парафія ў тагачасным мястэчку Беразіно налічвала каля 7 тыс. вернікаў і мела філіяльныя касцёлы ў Багушэвічах і Раванічах. У Беразіне дзейнічала драўляная капліца на каталіцкіх могілках. У 1930 гадах капліца была зачынена, а ў пасляваенны час разбурылася. Касцёл жа згарэў яшчэ падчас пажару ў 1914 годзе.

Касцёл у Беразіне перад пажарам. Фота: Wikipedia.org

Толькі ў 1997 годзе была пасвячана часовая капліца па вуліцы Піянерскай 25.

Будаўніцтва новага касцёла распачалося ў 2018 годзе, а крыж на месцы будучай святыні благаславіў 5 красавіка 2016 года асвяціў біскуп Юрый Касабуцкі.

Новы касцёл быў пабудаваны ў гістарычным цэнтры горада намаганнямі вернікаў беразінскай парафіі на чале з іх пробашчам ксяндзом Андрэем Фёдаравым.

Ад імя парафіянаў святар шчыра запрашае ўсіх ахвотных узяць удзел у пасвячэнні касцёла Маці Божай Міласэрнасці ў горадзе Беразіно, які знаходзіцца на паўдарогі з Мінска ў Магілёў.

Абноўлена 08.06.2024 19:32
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця