Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB запрашае вернікаў Магілёва ўзяць удзел у Эўхарыстычнай працэсіі па вуліцах горада, якая пройдзе ў нядзелю 4 чэрвеня.
Дарагія браты і сёстры, вернікі каталіцкіх парафій у горадзе Магілёве!
4 чэрвеня 2023 года ў чарговы раз будзем перажываць агульнамагілёўскую ўрачыстасць Божага Цела, якая стане для магілёўскіх католікаў магчымасцю публічна вызнаць сваю веру ў прысутнасць Хрыста пад відам хлеба і віна.
Урачыстасць распачнецца святой Імшой а 11-й гадзіне ў магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Пасля святой Імшы Найсвяцейшы Сакрамэнт у працэсіі будзе пранесены з касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі па вуліцы Лазарэнкі да каталіцкіх могілак у капліцу святога Антонія. Так, як прадугледжвае рытуал, затрымаемся чатыры разы, каб паслухаць Божае Слова і благаславіць наш горад і вернікаў.
Сардэчна запрашаю святароў і кансэкраваных асоб, усе парафіяльныя супольнасці Магілёва і ўсіх людзей добрай волі на праслаўленне Эўхарыстычнага Хрыста.
✠ Аляксандр Яшэўскі SDB
Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі