Пошук

06.02.2023 11:10   Catholic.by
Фота Віталія Палінеўскага

11 лютага ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай будзе цэлебравацца святая Імша ў першую гадавіну смерці яго былога кусташа айца Віктара Бурлакі, бэрнардына.

Спачылы год таму святар нёс служэнне ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай з 2002 па 2018 год.

Ілля (манаскае імя Віктар) Бурлака нарадзіўся 16 лютага 1974 года ў вёсцы Розкіш Шаргарадскага раёна Вінніцкай вобласці  ва Украіне.

6 верасня 1992 года ўступіў у ордэн бэрнардынаў, дзе праз год прынёс першыя манаскія абяцанні. 3 мая 2000 года прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне, пасля чаго на працягу года нёс служэнне ў Шаргарадзе.

У 2002 годзе прыехаў у Беларусь, дзе нёс служэнне ў Будславе. З 2005 года быў кусташам Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай.

26 жніўня 2018 года завяршыў сваё служэнне ў Беларусі і працягнуў яго ў бэрнардынскім кляштары ў Збаражы, што на Цярнопальшчыне ва Украіне, у 2019 годзе выехаў у Італію, дзе правёў два гады ў кляштары святога Себасцьяна ў Б’елла. У пазамінулым годзе вярнуўся на радзіму, у бэрнардынскі кляштар у Шаргарадзе, дзе адышоў у вечнасць 9 лютага 2022 года пасля цяжкай хваробы. Пахаванне спачылага святара адбылося 11 лютага на яго радзіме ў Шаргарадзе, што ва Украіне.

Айцец Віктар, большая частка святарскага жыцця якога прайшла ў Беларусі, не дажыў тыдня да свайго 48-а дня нараджэння.

У Будславе святая Імша за памерлага айца Віктара Бурлаку OFM адбудзецца ў суботу, 11 лютага, а 12-й гадзіне.

У гэты дзень у санктуарыі таксама адбудзецца благаслаўленне невялікай мемарыяльнай дошкі ў памяць пра спачылага святара.

Адказны за Нацыянальны санктуарый пробашч парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе ксёндз Дзмітрый Дубовік разам з мясцовымі вернікамі запрашае ўсіх, хто жадае аддаць даніну памяці спачыламу святару, далучыцца да супольнай малітвы. Відэатрансляцыя святой Імшы будзе весціся анлайн на YouTube-канале Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай.

Абноўлена 06.02.2023 11:56
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця