3 снежня, у першую суботу месяца, у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбудзецца трэцяя малітоўная сустрэча ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да 25-гадовага юбілею з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.
На YouTube канале Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе вядзецца прамая трансляцыя сустрэчы.
Паводле рашэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, ад кастрычніка 2022 года да чэрвеня 2023 года ўключна, а гэта значыць на працягу дзевяці першых субот гэтых месяцаў, у Будславе адбываецца асаблівая малітва — вялікая дзевяцімесячная навэнна.
Вялікая навэнна была распачата ў першую суботу кастрычніка. Незадоўга да пачатку навэнны пашкоджаны пажарам будслаўскі касцёл быў афіцыйна зноў уведзены ў эксплуатацыю пасля завяршэння ў ім першай чаргі неабходных рамонтна-кансервацыйных работ.
Адвэнтавая сустрэча 3 снежня пройдзе з удзелам біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі.
Тэмай гэтай малітоўнай сустрэчы стане сям’я як «хатні Касцёл» і аснова жыцця чалавека.
Асаблівымі гасцямі будуць духоўныя і свецкія асобы з усіх дыяцэзій Беларусі, якія бяруць актыўны ўдзел у душпастырстве сем’яў, а таксама сужэнскія пары з розных парафій Пінскай дыяцэзіі і іншых дыяцэзій нашай краіны.
Праграма
- 11.00 – прывітанне пілігрымаў
- 11.15 – Фацімскі Ружанец (праводзяць удзельнікі руху Equipes Notre Dame), споведзь
- 12.00 – святая Імша
- 13.00 – адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту
- 13.30 – перапынак на каву, пачастунак
- 14.15 – тэматычная канферэнцыя
- 15.00 – Вяночак да Божай Міласэрнасці
- благаслаўленне вады і рэлігійных рэчаў
- благаслаўленне на заканчэнне сустрэчы
Адноўлена прамая трансляцыя набажэнстваў з Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе. З яе дапамогай можна духоўна далучыцца да ўдзелу ў Вялікай навэнне падрыхтоўкі да 25-годдзя з часу каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай.
Арганізатары сустрэчы просяць удзельнікаў, па магчымасці, узяць з сабой бутэрброды.
Просьба да арганізаваных груп, каб як мага раней папярэдзілі пра свой удзел у сустрэчы па тэлефоне на нумар:
+375 (29) 130 18 54 – айцец Пётр Фраштэнга OCD