У сераду 16 лістапада, ва ўспамін Маці Божай Вастрабрамскай, арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч узначаліць цэлебрацыю святой Імшы ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску.
Абраз Маці Божай Вастрабрамскай, якая ўшаноўваецца ў Вільні як Маці Міласэрнасці, — вялікая святыня трох народаў: літоўскага, беларускага і польскага. Культ цудадзейнай іконы з Вострай Брамы да гэтага часу шырока распаўсюджаны на нашых землях, асабліва на тых, якія раней уваходзілі ў склад даўняй Віленскай архідыяцэзіі.
Выява Вастрабрамскай Багародзіцы была змешчана на біскупскім гербе першага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і адзінага ў сучаснай гісторыі Беларусі кардынала Казіміра Свёнтка, які абраў дэвізам свайго пастырскага служэння словы Mater Misericordiæ — «Маці Міласэрнасці». Маці Божая Вастрабрамская лічыцца галоўнай Апякункай Гродзенскай дыяцэзіі.
Арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч, які распачаў сваё святарскае служэнне ў віленскай парафіі святой Тэрэзы пры Вострай Браме, з нагоды ўспаміну Маці Божай Вастрабрамскай будзе цэлебраваць у мінскай катэдры святую Імшу.
Да супольнай малітвы можна таксама духоўна далучыцца з дапамогай прамой трансляцыі на партале Catholic.by.
Пачатак у 18.30.