5 лістапада, у першую суботу месяца, у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе адбудзецца другая малітоўная сустрэча ў межах Вялікай навэнны падрыхтоўкі да 25-гадовага юбілею з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.
Паводле рашэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, ад кастрычніка 2022 года да чэрвеня 2023 года ўключна, а гэта значыць на працягу дзевяці першых субот гэтых месяцаў, у Будславе адбываецца асаблівая малітва — вялікая дзевяцімесячная навэнна.
Вялікая навэнна была распачата ў першую суботу кастрычніка. Незадоўга да пачатку навэнны пашкоджаны пажарам будслаўскі касцёл быў афіцыйна зноў уведзены ў эксплуатацыю пасля завяршэння ў ім першай чаргі неабходных рамонтна-кансервацыйных работ.
Першую малітоўную сустрэчу ў Нацыянальным санктуарыі ўзначаліў арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч.
Сустрэча 5 лістапада пройдзе з удзелам біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.
Праграма
- 11.00 – прывітанне пілігрымаў
- 11.15 – Фацімскі ружанец, споведзь
- 12.00 – святая Імша
- 13.30 – перапынак на каву
- 14.15 – тэматычная канферэнцыя
- 15.00 – Вяночак да Божай Міласэрнасці
- благаслаўленне вады і рэлігійных рэчаў
- інтэрактыўны адпачынак
Адноўлена прамая трансляцыя набажэнстваў з Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе. З яе дапамогай можна духоўна далучыцца да ўдзелу ў Вялікай навэнне падрыхтоўкі да 25-годдзя з часу каранацыі абраза Маці Божай Будслаўскай.