З 18 па 21 лістапада ў Навагрудку пройдзе Міжнародны малітоўны кангрэс у абарону жыцця.
Ідэя правядзення такіх кангрэсаў узнікла ў сярэдзіне 2000-х гадоў і была рэалізаваны пры актыўным удзеле міжнароднай каталіцкай пралайф-арганізацыі Human Life International, малітоўнага руху «Памочнікі каштоўных Божых немаўлятаў»,заснаванага ксяндзом Філіпам Рэйлі ў ЗША, Цэнтраў жыцця ў Вене, Зальцбургу, Мюнхене і іншых гарадах.
Абаронцы жыцця з Беларусі, беручы ўдзел у малітоўных кангрэсах, якія праводзіліся раней, усвядомілі іх сутнасць і важнасць і цяпер вырашылі перанесці ініцыятыву на беларускую глебу.
Адрозная рыса малітоўных кангрэсаў у тым, што гэта не толькі слуханне дакладаў і абмеркаванне важных пытанняў па тэматыцы абароны жыцця і сям’і, але і непасрэдна малітва ў гэтай інтэнцыі. Першы малітоўны пралайф-кангрэс, які пройдзе ў Беларусі, будзе ўключаць у сябе навуковыя даклады, сведчанні абаронцаў жыцця, пілігрымку з белымі крыжамі да санктуарыя Багародзіцы Новага Жыцця ва Уселюбе (14 км пешкі) і мноства малітваў на працягу кожнага дня кангрэсу з начной адарацыяй і ўрачыстым чынам пакаяння за грахі нашай краіны супраць жыцця і сям’і, які біскупы здзейсняць пасля святой Імшы 20 лістапада.
На кангрэс збяруцца абаронцы жыцця, члены сямейных малітоўных рухаў, духоўнага ўсынаўлення, выпускнікі школ сямейнага жыцця, а таксама тыя, хто пакутуе ад наступстваў абортаў у сваіх сем’ях.
Праз пяць дзён пасля малітоўнага кангрэсу адбудзецца трохдзённы рэкалекцыйны курс па аздараўленні ад постабортнага сіндрому (ПАС) «Вінаграднік Рахэлі», інфармацыя пра які будзе пададзена на кангрэсе.