21 ліпеня прыпадае дзясятая гадавіна смерці кардынала Казіміра Свёнтка, былога арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і Апостальскага адміністратара Пінскай дыяцэзіі.
Заслугі нязломнага Сведкі веры, які пранёс яе праз цяжкі перыяд савецкіх ганенняў і дзесяцігоддзе ў нялюдскіх умовах сталінскага ГУЛАГу, былі прызнаныя Касцёлам, адзначаны шматлікімі замежнымі ўзнагародамі і жывуць у памяці ўдзячных вернікаў Касцёла ў Беларусі.
У дзень, калі дзесяць гадоў таму адышоў у вечнасць першы і адзіны ў сучаснай гісторыі нашай краіны кардынал, у мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі адбудзецца святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
30 гадоў таму гэты заслужаны іерарх удзяліў Казіміру Свёнтку біскупскае пасвячэнне, а ў 2007 годзе прыйшоў яму на змену на пасадзе арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага.
На нашым партале будзе весціся прамая трансляцыя святой Імшы і канцэрта з мінскага катэдральнага касцёла Найсвяцейшага Імя Марыі.
- Пачатак Эўхарыстыі ў 18.30
Пасля Імшы ў архікатэдры адбудзецца канцэрт духоўнай музыкі памяці спачылага кардынала Казіміра Свёнтка, чыімі намаганнямі была адноўлена галоўная святыня беларускай сталіцы, і ў ёй з’явіўся выдатны арган, што будзе гучаць у гэты вечар у гонар незабыўнага пастыра.