Ва ўрачыстасць Звеставання Пана 25 сакавіка ў адпаведнасці з распараджэннем Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі адбудзецца прысвячэнне нашай краіны і яе народа Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч здзейсніць Акт прысвячэння ў мінскім катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі.
У 11.30 у святыні адбудзецца выстаўленне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту. Напрыканцы адарацыі кіраўнік беларускага каталіцкага епіскапату прачытае Акт прысвячэння Беларусі Беззаганнаму Сэрцу Марыі, пасля чаго ў 12.00 па закліку Папы Францішка будзе прачытана малітва «Ойча наш» у інтэнцыі выбаўлення свету ад пандэміі каранавірусу.
Адразу пасля благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам на чатыры бакі свету распачнецца святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Адначасова аналагічнае набажэнства ў касцёле святога Сымона і святой Алены (Чырвоны касцёл) правядзе Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.