У нядзелю 3 лістапада ў касцёле Узвышэння Святога Крыжа на Кальварыйскіх могілках сталіцы арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч будзе цэлебраваць святую Імшу падзякі з нагоды 30-годдзя распачацця яго біскупскага служэння ў Мінску.
30 кастрычніка 1989 года інгрэс (уступленне на пасаду) новапрызначанага біскупа Мінскага і Апостальскага адміністратара для католікаў Беларусі адбыўся ў адзінай дзеючай у той час каталіцкай святыні ў Мінску, дзе ў часы савецкага пераследу веры былі зачынены ўсе касцёлы.
Святая Імша, якую разам з арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам будзе цэлебраваць Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, распачнецца а 10-й гадзіне.