
У нядзелю 29 верасня, калі адзначаецца свята святога Арханёла Міхала, апекуна Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла, а таксама святых Арханёлаў Габрыэля і Рафала, фігура Князя нябесных войскаў прыбудзе ў старажытную магілёўскую катэдру, з якой распачнецца яе перэгрынацыя па парафіях Магілёўскага рэгіёну.
Як паведаміў Catholic.by біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, вернікі гэтай пастырскай акругі, найбольш пацярпелай у савецкія часы ганення на веру, сёння звязваюць з перэгрынацыяй надзею на адраджэнне веры і Касцёла на Магілёўшчыне.
«Ва ўсходняй частцы Беларусі пераслед веры і вернікаў быў асабліва лютым.У міжваенны перыяд улады мелі план зрабіць Магілёў сталіцай БССР [Беларускай савецкай сацыялістычнай рэспублікі], і не проста сталіцай, а менавіта атэістычнай сталіцай. У горадзе і ў наваколлі пазачынялі ўсе святыні, многія з іх знішчылі. Не спыняліся і перад фізічным знішчэннем святароў і вернікаў», — зазначыў іерарх.
Між тым менавіта Магілёў калісьці стаў «калыскай» касцёльных структур у будучай незалежнай Беларусі.
Тут, на высокіх дняпроўскіх берагах, была заснавана каталіцкая дыяцэзія, першым біскупам якой стаў Станіслаў Сестранцэвіч-Богуш, неардынарны рэлігійны дзеяч XVIII стагоддзя.
На жаль, аб былой велічы старадаўняй біскупскай сталіцы сёння прыгадвае толькі магілёўскі катэдральны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава — сапраўдная пярліна сакральнай архітэктуры Беларусі.

Са свайго боку біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, прызначаны папам Францішкам дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі з асаблівым заданнем пастырскай апекі над Касцёлам на Магілёўшчыне, прыкладае ўсе намаганні для таго, каб зноў запаліць святло веры на зямлі, ахінутай змрокам атэізму і рэлігійнай абыякавасці, якая наступіла пасля часоў пераследу.
«Перэгрынацыя — гэта нагода ў спецыяльных набажэнствах перапрасіць Бога за ўсё ўчыненае зло, за пераслед веры, за грэх праліцця нявіннай крыві ў імя нялюдскай ідэалогіі і за грэх святатацтва разбураных святыняў. Мы будзем прасіць прабачэння ў Бога перад фігурай Князя нябесных войскаў, каб, ачысціўшыся ад духоўнага бруду, зноў стаць годнымі Ягонай ласкі і абяцанняў», — падзяліўся планамі біскупскі вікарый Магілёўшчыны.
Распачнецца перэгрынацыя з урачыстага прывітання фігуры святога Арханёла Міхала на пляцы перад касцёлам Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава 29 верасня ў 18.15.

«Перэгрынацыя фігуры з італьянскага санктуарыя ў гарах Гаргана — гэта для нас вялікая і радасная падзея.
Таму я шчыра запрашаю ўсіх вернікаў з Магілёва і Магілёўскай вобласці ўзяць удзел у супольнай малітве праз заступніцтва нябеснага Апекуна Касцёла на Беларусі. Мы будзем прасіць Божага Пасланца і Пераможцу сатаны, каб ён дапамог перамагчы зло бязвер’я і абыякавасці. Мы будзем маліцца аб тым, каб сэрцы людзей на Магілёўшчыне зноў адкрыліся для святла Божай праўды, каб вера ва ўсемагутнага Бога зноў пасялілася на гэтай зямлі», — падкрэсліў біскуп Аляксандр.