Пошук

21.08.2019 14:51   Тэкст і фота: Кс. Аляксандр Улас / Catholic.by

Амаль 18 гадоў у мінскай архікатэдры працягваецца незвычайная ініцыятыва, якую распачаў пробашч парафіі кс. канонік Антоні Клімантовіч. На парафіяльнае свята Найсвяцейшага Імя Марыі 12 верасня высылаюцца поштай персанальныя запрашэнні на святую Імшу ўсім парам, якія ў мінулым годзе ў гэтым касцёле вырашылі, стоячы перад алтаром, злучыць сваё жыццё ў сакрамэнце сужэнства.

Ксёндз Антоні Клімантовіч распавёў Catholic.by пра мэту гэтай ініцыятывы наступнае: «У сучасным свеце, калі розныя справы і рэчы авалодваюць думкамі і сэрцам чалавека, ён усё менш адчувае патрэбу святасці і сакралізацыі ўласнага жыцця. Тым больш, што колькасць небяспекаў, асабліва духоўных, якія пагражаюць сужэнству, хутка павялічваецца.

Наша запрашэнне мы скіроўваем тым, хто ў мінулым годзе, стоячы перад алтаром у нашай святыні, паабяцалі адно аднаму любоў, вернасць і прабыванне разам аж да канца жыцця.

Падчас спецыяльнага набажэнства святой Імшы ў гэты дзень мы заахвочваем іх, каб яны прыгадалі сабе гэты момант, перажылі яго нанава, прабачаючы ўзаемныя недахопы, і прасілі Бога і Найсвяцейшую Панну Марыю аб благаслаўленні і дапамозе.

 

 

У гэтай святой Імшы могуць удзельнічаць таксама ўсе іншыя сужэнцы. Кожныя муж з жонкаю, а асабліва тыя, хто перажывае нейкія цяжкасці ва ўзаемаадносінах у сваёй сям'і, няхай у гэты дзень прыйдуць, каб разам з усімі памаліцца і прасіць патрэбных ласкаў, узгадваючы той момант, калі, стоячы перад Богам і святаром, сказалі адно аднаму: „Кахаю і хачу быць з табою да канца майго жыцця“».

Святая Імша адбудзецца ў мінскай архікатэдры 12 верасня ў 18.30.

Абноўлена 21.08.2019 15:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа