Традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Шкаплернай пройдуць сёлета ў Гудагаі 13–14 ліпеня.
Штогод у Гудагаі збіраюцца шанавальнікі Маці Божай Шкаплернай, якія з даверам у сэрцы і з малітваю на вуснах углядаюцца ў Яе славуты ласкамі цудадзейны абраз. Праз заступніцтва Багародзіцы вернікі прагнуць праслаўляць Бога і выпрошваць у Яго новыя ласкі, патрэбныя ў штодзённым жыцці і на шляху да вечнасці.

Шматлікія цуды, якія пры гэтым адбываюцца, — найлепшы доказ таго, што Бог не пакідае без увагі людскія просьбы, скіраваныя да Яго праз матчыныя далоні Марыі.
Адметнасць сёлетняга фэсту ў тым, што ў гэтым годзе прыпадае дзясятая гадавіна асвячэння гудагайскай Кальварыі.
Гэта ўнікальная дарога Крыжовага Шляху даўжынёю ў тры з паловаю кіламетры, — адна з самых працяглых у Беларусі, — што вядзе праз маляўнічыя палі і лясныя пагоркі.
Удзел у набажэнстве Крыжовага Шляху на гудагайскай Кальварыі дапамагае вернікам у асаблівай атмасферы цішыні і засяроджанасці задумення роднай прыроды глыбей перажыць таямніцу Мукі нашага Збаўцы і Адкуплення, здабытага Ім для нас на Крыжы.

Набажэнства можна перажыць як індывідуальна, самастойна пераходзячы ад стацыі да стацыі, так і ў арганізаванай групе вернікаў.
У межах сёлетніх урачыстасцяў набажэнства Крыжовага Шляху на гудагайскай Кальварыі правядзе ўвечары дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі.
ПРАГРАМА ЎРАЧЫСТАСЦЯЎ
13 ліпеня, субота
18.00 — святая Імша; цэлебрацыю ўзначалiць дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. Заканчэнне Навэнны да Маці Божай
20.00 — Крыжовы шлях на Кальварыі; набажэнства ўзначалiць дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі
23.15 — Нешпары пра Найсвяцейшую Панну Марыю з разважаннем
14 ліпеня, нядзеля
0.00 — працэсія са свечкамі і святая Імша; цэлебрацыю ўзначалiць дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі
Пасля заканчэння Эўхарыстыі — начное чуванне і адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту.
8.30 — Гадзінкі аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі
9.30 — святая Імша на польскай мове; цэлебрацыю ўзначаліць кс. канонік Юзаф Багдзевіч
11.00 — Вяночак да Божай Міласэрнасці
12.00 — урачыстая адпустовая святая Імша; цэлебрацыю ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч
Айцы кармэліты босыя, якія нясуць служэнне ў санктуарыі Маці Божай Шкаплернай у Гудагаі, шчыра запрашаюць узяць удзел ва ўрачыстасцях.
Дадатковая інфармацыя па тэлефоне:
+375 29 656 19 25 — а. Казімір Мараўскі OCD
e-mail: gudagaj@tut.by
Санктуарый Маці Божай Шкаплернай
мястэчка Гудагай, Астравецкi раён, Гродзенская вобласць




