Як пазнаць міністранта? Па белай комжы, якую той апранае падчас святой Імшы, каб дапамагаць святару пры алтары. А яшчэ?
У Шчучыне ў піярскай парафіі св. Тэрэзы ад Езуса (Авільскай) кожны міністрант атрымлівае і адмысловае пасведчанне. Пра цікавую практыку Catholic.by распавядае а. Віталій Слука SP, які разам з пробашчам рыхтуе хлопцаў да службы пры алтары.
Пасведчанне міністранта. Што гэта такое?
Піярская парафія ў Шчучыне мае цэлую сістэму ў падрыхтоўцы міністрантаў. Створаная тут літургічная служба алтара мае нават асобную назву — Calasanz (ад імя заснавальніка піяраў св. Юзафа Каласанса).
Для кандыдатаў у міністранты штогод у верасні пачынаюцца заняткі, якія заканчваюцца ў IV або V нядзелю Вялікага посту. Спачатку хлопцы апранаюць на Імшу белыя ленты, а пасля засвоенай тэорыі і практыкі — комжы і пасведчанні міністрантаў.
Пасведчанне выдаецца на адзін год і змяшчае асноўныя звесткі пра хлопца (імя і прозвішча, дату нараджэння, бягучы школьны год, подпіс пробашча, а таксама дату прыняцця ў міністранты).
Асобна на пасведчанні змешчана і прысяга (тут яна таксама ёсць), якую ў дзень далучэння да службы алтара хлопцы ўрачыста складаюць перад усёй парафіяй.
Пасведчанні дзвюхмоўныя. Акрамя беларускай, надпісы ў іх прадубляваныя і па-польску. Навошта?
«Мы выдаём пасведчанні, каб змабілізаваць хлопцаў да адказнасці за службу пры алтары, — адзначае а. Віталій Слука SP. — Да таго ж, паказаўшы пасведчанне, хлопцы могуць пры неабходнасці служыць не толькі ў парафіях Беларусі, але і Польшчы».
Паводле слоў святара, такія ж пасведчанні атрымліваюць лектары парафіі, якія рыхтуюцца да дастойнага чытання Божага Слова. Разам з пасведчаннем лектары атрымліваюць і нацельны крыж. На сёння ў парафіі служаць 43 міністранта, 7 лектараў школьнікаў і 6 лектараў студэнтаў.