Пошук

05.02.2026 16:27   Catholic.by

Фота: Mondocattolico.com

5 лютага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін святой Агаты, панны і мучаніцы. У гэты ж дзень асвячаюцца «хлеб святой Агаты», вада і студні. Кім была гэтая святая? 

Святая Агата, панна і мучаніца — святая часоў ранняга хрысціянства. Нарадзілася ў 235 годзе ў сіцылійскім горадзе Катанія. Паходзіла са знакамітага мясцовага роду. У 16 гадоў загінула мучаніцкай смерцю за свае хрысціянскія перакананні. 

Прыгожую і багатую нявесту пажадаў узяць сабе за жонку консул Квіцыян, прэфект Сіцыліі. Атрымаўшы адмову, ён вырашыў подступам здабыць дзяўчыну, аддаўшы яе у «дом цярплівасці» куртызанкі Афрадызіі, якая на працягу цэлага месяца спрабавала спакусіць Агату адмовіцца ад вернасці свайму Нябеснаму Жаніху.

Аднак і сярод пануючай распусты Агата захавала чысціню душы і цнатлівасць дзявоцтва і па-ранейшаму не жадала выходзіць замуж. Афрадызія адступілася, сказаўшы Квінцыяну:

«Яе воля цвярдзейшая за лаву Этны».

Квіцыян узненавідзеў дзяўчыну і шукаў моманту, каб адпомсціць ёй. Такі момант з’явіўся ў 250 годзе, калі імператар Дэцый выдаў загад аб пераследзе хрысціян. Квіцыян загадаў бічаваць Агату, паліць раскаленым жалезам і раніць вострымі нажамі, а калі яна мужна перанесла гэтыя пакуты — загадаў адрэзаць ёй грудзі. Пасля гэтых жорсткіх пакут Агату кінулі ў вязніцу, загадаўшы нікога да яе не дапускаць і забараніўшы перадаваць ежу і піццё. 

Фота ілюстрацыйнае

Нягледзячы на пакуты, святая Агата працягвала праслаўляць Бога, і ноччу ў вязніцы ёй з’явіўся святы Пётр у вобразе старца, якога суправаджаў анёл з паходняй. Ен вылечыў Агату ад усіх ранаў, нанесеных падчас пакаранняў. Яе цела стала яшчэ больш прыгожым, чым перад катаваннямі. 

Святая стала маліцца і дзякаваць Богу за аздараўленне. У гэты час нябеснае святло напоўніла вязніцу, а спалоханая варта збегла, пакінуўшы дзверы адчыненымі.  Самі вартаўнікі, бегучы, крычалі, каб святая ўцякала, таксама і іншыя вязні ўгаворвалі яе. Аднак Агата адказала:

«Не дай Бог мне згубіць такі, ужо блізкі, вянок і падвергнуць варту пакаранню...».

Даведаўшыся пра ўсё, Квіцыян зноў паклікаў яе да сябе і загадаў скласці ахвяру рымскім багам. Святая ў чарговы раз адмовілася. Тады намеснік загадаў кінуць яе на гарачае вуголле, каб спаліць зажыва. 

У гэты час пачаўся землятрус, і напалоханыя жыхары горада пачалі прасіць Квіцыяна адпусціць дзяўчыну. Напалоханыя каты перасталі мучыць Агату, але яна, не вытрымаўшы катаванняў, ужо памерла.  

Адбылося гэта 5 лютага 251 года. Мясцовыя хрысціяне пахавалі 16-гадовую мучаніцу за горадам, а праз 60 гадоў перанеслі яе парэшткі ў нанова пабудаваны катэдральны сабор у горадзе Катанія, дзе яе цела захоўваецца да сённяшняга дня.

Праз год пасля смерці святой на гары Катанія прачнуўся вулкан Этна. Згодна з паданнем, мясцовыя жыхары пачалі маліцца да святой Агаты, трымаючы ў руках яе хусцінку, і лава, дайшоўшы да хрысціян, рэзка змяніла свой накірунак. Такім чынам горад быў уратаваны. Пра гэты цуд даведаліся язычнікі, і многія з іх сталі хрысціянамі.

Дзякуючы гэтаму цуду Агату пачалі лічыць апякункай, якая ахоўвае ад пажараў.

Згодна з традыцыяй, у дзень яе ўспаміну благаслаўляецца «хлеб святой Агаты», а таксама вада і студні.

Благаслаўлёны ў касцёле хлеб трымаюць у доме, каб ён ахоўваў пабудовы ад пажару, а ваду святой Агаты п’юць дзеля ўтаймавання «ўнутраных пажараў» пажадлівасці і неўпарадкаваных прывязанасцяў, напрыклад, як паратунак ад прагі «вогненнай вады» — алкаголю — ці ад грахоўнай пажадлівасці. Заступніцтва Агаты просяць таксама жанчыны, якія пакутуюць ад хваробаў грудзей.

Фестываль святой Агаты на Мальце. Фота: timesofmalta.com

Абноўлена 05.02.2026 22:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа