8 снежня, ва ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, беларус брат Уладзіслаў Марыя Малчан OFMConv прынёс вечныя манаскія абяцанні ў Ордэне Братоў Меншых Канвентуальных (францішканаў).
Урачыстая святая Імша адбылася ў санктуарыі святога Антонія Падуанскага ў Лодзі-Лагеўніках (Польшча), побач з якім знаходзіцца францішканская семінарыя, якая аб'ядноўвае братоў з розных краін і нават кантынентаў.
Брат Уладзіслаў паходзіць з Івацэвічаў і ўжо ў наступным годзе ён скончыць семінарыйную фармацыю.
Заснавальнікам францішканскага закону з’яўляецца святы Францішак Асізскі. Гэты незвычайны святы нарадзіўся ў 1181 годзе у сям’і багатага купца. Яшчэ ў юнацтве ён зразумеў: усё, што ён мае, нішто ў параўнанні са служэннем самому Богу. Ён цалкам адмовіўся ад магчымасці ўзбагачацца, жывучы пры багатым бацьку, і выбраў жыццё жабрака.
Спачатку Францішка не разумелі і высмейвалі, аднак праз некаторы час да яго далучыліся першыя вучні, якіх ён назваў «Меншыя Браты». Браты дзялілі з Францішкам жыццё малітвы, наследуючы Хрыста ў Яго беднасці і абвяшчаючы Евангелле. Такім чынам быў створаны першы закон мужчын, якія захацелі жыць Евангеллем праз рэалізацыю законных шлюбаў: беднасці, паслухмянасці і чыстасці, па прыкладзе святога Францішка, наследуючы Езуса Хрыста — беднага, пакорнага і паслухмянага Айцу.

























