Пошук

19.03.2025 02:27   Кс. Павел Эйсмант / Catholic.by

Паважаныя карыстальнікі каталіцкага інфармацыйнага партала Catholic.by, браты і сёстры!

Папа Францішак, распачынаючы ў 2021 годзе Сінод аб сінадальнасці, прапанаваў усім, хто належыць да Каталіцкага Касцёла, сінадальны працэс, мэта якога – «вырушыць разам, ва ўзаемным слуханні, з абменам ідэямі і планамі, каб паказваць сапраўднае аблічча Касцёла: гасцінны «дом» з адчыненымі дзвярыма, населены Панам Езусам, якога ажыўляюць братэрскія адносіны» (Ліст да святароў, 2022 год).

Сёння мы вырушаем у далейшае падарожжа на караблі, імя якому – Catholic.by. Ён плыве далей і ўсё больш вады часу застаецца за намі. Знаходзячыся на борце гэтага карабля, мы падзяляем адзін лёс, мы разам, а гэта значыць, што мы глядзім у адным накірунку, які называецца праўдай, і, адчуваючы адказнасць адзін за аднаго, гатовыя працягнуць руку дапамогі кожнаму, хто гэтага асабліва патрабуе.

Часам так бывае, што ў карабля змяняецца капітан. Гэта адбылося і на нашым караблі. Тут я хацеў бы шчыра падзякаваць майму папярэдніку, ксяндзу доктару Аляксандру Уласу, за тое, што ён, моцна трымаючы штурвал карабля, супрацьстаяў вятрам і бурам сённяшняга свету, даносячы да чытачоў і гледачоў свежы глыток Божай праўды.

Наш карабель, не затрымліваючыся, плыве далей. Што яго чакае? Гэта скрыта ад нас за марскім даляглядам. Аднак, застаючыся разам, працягваючы ўглядацца туды, куды паказвае нам Божы компас Евангелля і вучэння Касцёла, мы,«пілігрымы надзеі», скіроўваемся да порту прызначэння, якім ёсць Божае Валадарства, упэўненыя, што наша «надзея не расчаруе» (пар. Рым 5, 5).

Сваё новае служэнне давяраю апецы Багародзіцы, магутнаму заступніцтву святога Арханёла Міхала і вашым малітвам.

З дарам малітвы,
ксёндз Павел Эйсмант

Абноўлена 20.03.2025 22:38
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця