Марта была сястрою Марыі і Лазара з Бэтаніі. Езус часта бываў у іх доме. Аднойчы, калі Езус гасціў у іх, Марта як добрая гаспадыня вельмі клапацілася, каб прыгатаваць пачастунак, а яе сястра Марыя проста сядзела каля ног Збаўцы і ўважліва слухала Яго. Гэта раззлавала Марту, але Езус сказаў, што менавіта Марыя выбрала ў гэтым выпадку «найлепшую частку».
У іншым эпізодзе з Евангелля паводле Яна, у якім апавядаецца пра ўваскрашэнне Лазара, Марта вызнае месіянства Хрыста. Паводле легенды, пасля ўваскрасення Езуса Марта разам з братам і сястрою накіравалася ў Францыю, дзе абвяшчала Евангелле і жыла ў пакаянні. Яна памерла ў хуткім часе пасля сястры і была пахаваная ў Тарасконе на Поўдні Францыі. Святая з’яўляецца апякункай хатніх гаспадыняў і работніц.