Пошук


Франчэско Фарджонэ — будучы падрэ Піо — нарадзіўся 25 мая 1887 г. у П’етрэльчыне (Паўднёвая Італія). У шаснаццацігадовым узросце ўступіў у закон капуцынаў і праз сем гадоў прыняў святарскае пасвячэнне. У 28 гадоў айцец Піо атрымаў стыгматы — раны, як у Езуса Хрыста, што прычынялі яму нясцерпны боль. З-за накладзеных на яго абмежаванняў падрэ Піо прысвяціў сябе паглыбленаму духоўнаму жыццю, асабліва культу Эўхарыстыі, Мукі Пана і Маці Божай Балеснай, а таксама апостальству споведзі. Перад яго канфесіяналам у касцёле кляштара Сан Джаванні Ратондо выстройваліся вялікія чэргі тых, хто хацеў у яго спавядацца.


Айцец Піо вядомы таксама як містык: ён меў дар білакацыі (адначасовага знаходжання ў двух месцах), дары моваў, чытання ў сумленні, прадказання будучыні. Акрамя таго, ён заснаваў Дом палёгкі ў цярпенні — сучасную медыцынскую ўстанову, якая разам з тым з’яўляецца месцам малітвы і навукі, а таксама міжнародны малітоўны рух, што ахоплівае сотні груп вернікаў па ўсім свеце. Падрэ Піо памёр 23 верасня 1968 г. у Сан Джаванні Ратондо, дзе і быў пахаваны. Праз трыццаць гадоў пасля смерці ён быў беатыфікаваны, а ў 2002 г. кананізаваны. У дзень кананізацыі Папа Ян Павел ІІ назваў падрэ Піо дарам для нашага часу, поўнага пакутаў. Праз яго заступніцтва здзяйсняецца шмат цудаў і аздараўленняў.

Успамін 23 верасня.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.