Пошук


Нарадзіўся паміж 1181 і 1182 гг. у Асізі (Цэнтральная Італія) у сям’і багатага купца П’етро Бэрнардонэ. У маладыя гады Францішак быў поўным энергіі аматарам забаваў і жыццёвых задавальненняў, які марыў стаць рыцарам. Падчас вайны паміж Асізі і Перуджай Францішак на год трапіў у палон і за гэты час перажыў унутранае навяртанне. Маючы каля 25 гадоў, у невялічкім касцёле Сан Дам’яно ён пачуў голас Хрыста, які прамовіў да яго з крыжа: «Францішку, адбудуй Мой заняпалы Касцёл». Паслухмяны гэтаму наказу, зразуметаму літаральна, святы адбудаваў той касцёл.

Калі бацька Францішка запатрабаваў вярнуць грошы, выдаткаваныя на адбудову, пагражаючы пры гэтым пазбавіць сына спадчыны, той сам адрокся ад усёй маёмасці, пакінуў бацькоўскі дом і ў карычневым габіце басанож пайшоў вандраваць як жабрак. Да святога пачалі далучацца тыя, хто падзяляў яго ідэалы, і такім чынам утварыўся жабрачы ордэн францішканцаў. Верная супрацоўніца Францішка св. Клара заснавала жаночую галіну ордэна — другі закон св. Францішка (кларыскі). Яшчэ пры жыцці святога папулярнасць францішканскіх ідэалаў так шырока распаўсюдзілася, што Францішак стварыў яшчэ і так званы «трэці закон» для людзей свецкіх. За два гады да смерці ў Францішка з’явіліся стыгматы — раны Езуса Хрыста на руках і нагах.

Тыя два апошнія гады жыцця жабрака з Асізі былі напоўнены вялікім цярпеннем: ён цяжка захварэў на малярыю і пачаў губляць зрок. Св. Францішак сустрэў смерць, якую называў «сястрою», у невялічкай хатцы ў Парцыюнкулі непадалёк ад Асізі 3 кастрычніка 1226 г. Яго рэліквія да гэтага часу захоўваецца ў крыпце цудоўнай базылікі, пабудаванай у яго гонар у Асізі. Жыццё і дзейнасць св. Францішка Асізскага, напоўненыя любоўю да ўсяго існага і замілавання навакольным светам, у найбольш глыбокім сэнсе прычыніліся да адбудовы ўсяго Касцёла на падставе нескажоных хрысціянскіх ідэалаў. Яго рэлігійная паэзія працягвае кранаць і хваляваць людзей таксама і ў наш час, а Дантэ Аліг’еры сказаў пра святога з Асізі: «Ён заззяў над светам, як узыходзячае сонца».

Успамін 4.10.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа