Пошук


Святыя Базыль (Васіль) Вялікі і Грыгорый Назіянзскі нарадзіліся каля 330 г. у Кападокіі (на тэрыторыі сучаснай Турцыі) і паходзілі з хрысціянскіх сем’яў. Бацька Грыгорыя быў біскупам Назіянзу. Базыль і Грыгорый былі вельмі адукаванымі людзьмі. Яны пазнаёміліся ў Афінах, дзе разам вучыліся. Згодна з тагачаснымі звычаямі, хрост прынялі ўжо ў сталым узросце, маючы каля 30 гадоў, пасля чаго разам адасобіліся ў пустыні.

Базыль і Грыгорый некалькі гадоў вялі пустэльніцкае жыццё і прысвяцілі гэты час вывучэнню Святога Пісання і ранніх хрысціянскіх аўтараў. На падставе працаў Арыгена склалі зборнік «Філакалія» (Дабралюбства). Праз пэўны час абодва сталі святарамі, а пазней — біскупамі: Базыль — у Кесарыі Кападоцкай, а Грыгорый — у Назіянзе. Да таго ж Грыгорый, выбраны духавенствам і народам біскупам Канстанцінопаля, некалькі месяцаў займаў гэтую кафедру, але вырашыў адмовіцца ад яе і вярнуўся ў Назіянз. Базыль змагаўся з ерэтыкамі і сіманіяй сярод духавенства, спрыяў усталяванню еднасці паміж біскупамі. Яго душпастырскія заслугі цяжка нават пералічыць, таксама як і яго працы. Ён апрацаваў старажытныя літургічныя тэксты і склаў літургію (чын св. Базыля Вялікага), якая да гэтага часу служыцца ва ўсходніх Цэрквах у вызначаныя дні. Памёр ён 1 студзеня 379 г. у Кесарыі, дзе і быў пахаваны.

Грыгорый Назіянзскі перажыў свайго сябра больш чым на дзесяць гадоў. Яго духоўная спадчына, якая складаецца з разнастайных пісанняў, прамоваў, вершаў, лістоў і тэстамэнтаў, мае вялікую літаратурную каштоўнасць. На Усходзе Грыгорыя называюць «Боскім», а таксама «Багасловам». Святыя Базыль Вялікі і Грыгорый Назіянзскі разам са святымі Атаназіем і Янам Залатавусным лічацца самымі вялікімі доктарамі Касцёла хрысціянскага Усходу.

Успамін 2 студзеня.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця