Згодна з гістарычнымі дадзенымі, Януарый каля 300 г. быў біскупам Беневента або Неапаля. Яго біскупства прыпала на перыяд жорсткага пераследу хрысціянаў пры імператары Дыяклетыяне. Януарый самаахвярна наведваў у вязніцах сваіх адзінаверцаў і падтрымліваў іх духоўна. Разгневаны яго смеласцю намеснік асудзіў біскупа на смерць. Спачатку Януарыя жыўцом укінулі ў палаючую печ, але агонь не пашкодзіў яму. Тады яго аддалі на разарванне львам, але львы лагодна ляглі каля яго ног. Нарэшце, Януарыю і сямі яго паплечнікам 19 верасня 305 г. адсеклі галовы.
Рэліквіі святога Януарыя спачываюць у неапалітанскай катэдры, куды прыбывае вялікая колькасць пілігрымаў. Штогод адбываецца так званы «цуд крыві святога Януарыя»: у галоўныя святы на яго ўшанаванне — 19 верасня і ў суботу перад першай нядзеляй мая — яго кроў, што захоўваецца ў дзвюх шкляных ампулках, становіцца вадкаю, калі ампулкі падносяць да галавы святога. Нягледзячы на шматлікія доследы і экспертызы, да сённяшняга дня гэты цуд застаецца невытлумачальным. Лічыцца, што спазненне цуду прадказвае няшчасці Неапалю і яго жыхарам. Святы Януарый з’яўляецца апекуном Неапаля і ахоўвае ад вывяржэннў вулканаў, якія часта здараюцца ў гэтай мясцовасці.