Захаваліся вельмі няпэўныя звесткі пра жыццё гэтага святога. Паводле падання, Панкрат нарадзіўся каля 290 г. (паводле іншых крыніцаў — падчас панавання цэзара Валяр’яна паміж 254 і 260 гг.) у Фрыгіі (Малая Азія) у паганскай сям’і рымскіх арыстакратаў. Рана страціўшы бацькоў, Панкрат разам са сваім апекуном Дыянісіем, які даводзіўся яму дзядзькам, прыбыў у Рым, каб атрымаць належную спадчыну. У сталіцы імперыі адбылося яго навяртанне: ён прыняў хрост, які яму ўдзяліў Папа Карнэлій, і далучыўся да мясцовай супольнасці хрысціянаў. Атрыманае ў спадчыну багацце ён выкарыстоўваў на ўчынкі міласэрнасці, дапамагаючы хрысціянам, якія цярпелі ад пераследу ці знаходзіліся ў вязніцах.
Аднойчы чатырнаццацігадовы Панкрат быў запрошаны на размову да цэзара Дыяклетыяна, які намаляваў перад ім перспектыву цудоўнага жыцця, поўнага асалодаў, і прапанаваў адрачыся ад хрысціянства. Аднак юнак не паддаўся на ўгаворы цэзара, хоць ведаў, чым гэта пагражае. Адчуваючы сваю блізкую смерць, яшчэ да сустрэчы з Дыяклетыянам ён падзяліў усю сваю маёмасць паміж беднымі. 12 мая 304 г. па прысудзе цэзара Панкрату, які да апошняй хвіліны праслаўляў Хрыста, адсеклі галаву, пакінуўшы цела на разарванне сабакам. Адна хрысціянка, рызыкуючы жыццём, забрала цела мучаніка і пахавала яго ў катакомбах. На тым месцы каля 500 г. Папа Сімах пабудаваў базыліку святога Панкрата за мурамі.
Культ святога хутка распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Ён ушаноўваецца як апякун дзяцей і тых, хто прыступае да Першай Камуніі, абараняе ад паклёпаў і фальшывага сведчання, дапамагае ад заікання, а таксама лічыцца апекуном маладых раслінаў і кветак. У некаторых краінах Панкрата называюць халодным святым і святым садоўнікам.