Пошук


Паводле падання, Кацярына да хросту мела імя Дасіфея. Яна нарадзілася ў 294 г. у Александрыі Егіпецкай у сям’і мясцовага валадара. Як апавядае Жыціе, дзяўчына вылучалася незвычайнай прыгажосцю і выключнымі здольнасцямі, але разам з тым была вельмі ганарыстаю і не жадала выйсці замуж ні за каго, хто б не пераўзыходзіў яе ва ўсіх адносінах. Маці Кацярыны, патаемная хрысціянка, адвяла дачку да пустэльніка, які распавёў дзяўчыне пра такога Жаніха: «Я ведаю аднаго цудоўнага Юнака, які непараўнальна перавышае цябе ва ўсіх тваіх талентах.

Прыгажосць Яго святлейшая са сонечнае святло, мудрасць Яго кіруе ўсімі пачуццёвымі і духоўнымі істотамі, багацце Ягоных скарбаў распаўсюджана ва ўсім свеце і ніколі не змяншаецца, а Яго высакароднасць невымоўная і неспасцігальная. Ва ўсім свеце няма падобнага Яму». Неўзабаве Кацярына мела містычнае бачанне і прыняла хрост, які цалкам перамяніў яе жыццё: дзяўчына зразумела, што з гэтага часу яно назаўсёды належыць яе сапраўднаму Жаніху — Езусу Хрысту. На пачатку IV ст. рымскім цэзарам быў Максэнцый, які жорстка пераследаваў хрысціянаў. Запрошаная аднойчы на нейкае паганскае свята, Кацярына адважна адмовілася ўдзельнічаць у ім, сказаўшы, што паганскія бажкі — усяго толькі ідалы, і сваім красамоўствам вельмі занепакоіла цэзара. Максэнцый склікаў пяцьдзесят лепшых філосафаў, якія павінны былі даказаць памылковасць выказванняў Кацярыны, але ў спрэчцы з дзяўчынаю яны не змаглі яе абвергнуць і навярнуліся самі. Раз’юшаны цэзар загадаў іх спаліць, а Кацярыну ўкінуў у падзямелле, дзе яе жорстка катавалі: марылі голадам, бічавалі, распіналі на колах з цвікамі і нажамі, што раздзіралі яе цела, але раны цудоўным чынам загойваліся. Тады па загадзе цэзара ёй адсеклі галаву. Рэліквіі Кацярыны Александрыйскай былі ў VI ст. цудоўным чынам знойдзены на гары Сінай, дзе быў заснаваны кляштар яе імя. Святая з’яўляецца апякункаю дзяўчат і нявестаў, настаўнікаў, студэнтаў і вучняў, а таксама прадстаўнікоў усіх прафесій, звязаных з колам.

Успамін 25 лістапада.
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа