25 лістапада ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай у Будславе ўшанавалі святую Кацярыну Александрыйскую — апякунку чыгуначнікаў.
Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел чыгуначнікі з душпастырства Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, сёстры з супольнасці св. Кацярыны Александрыйскай, якія нясуць служэнне на Гродзеншчыне, а таксама чыгуначнікі з Гродзенскай і Віцебскай абласцей.
Святкаванне распачалося адарацыяй Найсвяцейшага Сакрамэнту і ружанцовай малітвай у інтэнцыі чыгуначнікаў і іх сем’яў, пасля чаго сёстры правялі прэзентацыю біяграфіі святой Кацярыны.
У 12.00 ва ўрачыстай працэсіі ў святыню былі ўнесены рэліквіі св. Кацярыны, пасля чаго распачалася святая Імша, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі.
У гаміліі іерарх параўнаў духоўнае жыццё з працай чыгункі: «Сядаючы ў цягнік, мы едзем да патрэбнай нам станцыі, але, каб цягнік шчасліва даехаў, неабходная праца шматлікіх людзей, якіх мы не бачым і пра якіх нават не здагадваемся: дыспечар руху, пуцейцы і ўсе, хто пільнуе, каб нашае падарожжа было шчаслівым. Таксама і ў духоўным жыцці: каб атрымаць збаўленне, трэба жыць Божым словам і сакрамэнтамі. Дапамагаюць нам у жыццёвым падарожжы прыклады святых, якія ўжо “прыехалі на мэтавую станцыю”».
Біскуп таксама распавёў аб тым, як важна ўшаноўваць рэліквіі святых і якую ролю яны займаюць у жыцці вернікаў.
Падчас святой Імшы ў працэсіі з дарамі чыгуначнікі ахвяравалі абраз св. Кацярыны, які напісала мастачка з Маладзечна Ядвіга Сянько. Пасля Эўхарыстыі абраз быў благаслаўлены біскупам.