Пошук

02.03.2019 09:35   А. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

«Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод»

Дарагія браты і сёстры!

Што нам прыходзіць на думку, калі пачынаем разважаць над сённяшнім Божым словам? Напэўна, чуючы столькі мудрых павучанняў як у першым чытанні, так і ў Евангеллі, мы можам вучыцца лепш спазнаваць саміх сябе. Прынамсі, гэтыя словы для нас з’яўляюцца будуючымі нашу асобу, характар, стаўленне, мысленне, культуру, адносіны.

Мудрыя павучанні з Кнігі Сіраха ствараюць пэўную інструкцыю ў імкненні да пазнання чалавечага сэрца. Аўтар кнігі набліжае да нас гэтую праўду, выкарыстоўваючы некалькі даволі зразумелых метафар: недахопы чалавека малююцца як высеўкі, якія застаюцца на сіце, або чалавек выпрабоўваецца ў размове, як вырабы ганчара ў печы.

Гэтыя вобразы для ўсіх нас даволі зразумелыя. Як кажуць, чужая душа — поцемкі. Аднак заўсёды хоць крыху, але можна яе асвятліць. А пачынаць гэта трэба ад сваёй уласнай душы.

Бывае, што мы, маючы ўласны пункт гледжання, не лічымся з меркаваннямі іншых, не толькі з-за таго, што яны для нас памылковыя, але часам нават не ўслухоўваемся ў тое, што нам кажуць.

Тады мы гэта аўтаматычна адкідваем. Тое, што ў спрэчцы нараджаецца праўда, гэта так, але толькі ў тым выпадку, калі абодва бакі здольныя не толькі гаварыць, але і слухаць адзін аднаго.

Як жа часта мы любім павучаць іншых, але крыўдзімся, калі атрымоўваем нейкія заўвагі, нават калі яны і слушныя. Як жа важна выхоўваць сваё сэрца да дабра, да праўды, да чагосьці каштоўнага і мудрага. У практыцы мудрасць прыходзіць з вопытам, з гадамі. Часцей за ўсё мудры чалавек асацыюецца ў нас з чалавекам сталага ўзросту. Аднак мудрасць — гэта цнота, якая з’яўляецца дарам Духа Святога. Таму, калі мы адкрытыя на Ягоную дзейнасць, то зусім натуральна, што мудрым можа быць і чалавек малады.

Дарагія! Ці мы хочам быць мудрымі? Лічу, што так. Асабіста я хачу.

Божае слова, асаблівa евангельскае павучанне Езуса Хрыста, заахвочвае нас, каб мы ўдасканальвалі сябе праз самапазнанне, каб, углядаючыся ў сваё сэрца, імкнуліся ўбачыць і выправіць свае ўласныя памылкі, якіх у кожнага заўсёды хапае.

Нам лягчэй пакрытыкаваць кагосьці, асабліва за спіной, пажаліцца, які ён нікчэмны і кепскі, а тым часам нашыя ўласныя памылкі нарастаюць з геаметрычнай прагрэсіяй, і вельмі хутка гэтых памылак становіцца вельмі шмат. І самае для нас горшае, калі мы іх не бачым і не хочам выправіць.

Наш язык, як кажа прымаўка, нярэдка з’яўляецца нашым ворагам. Як жа часта мы здольныя ацэньваць не толькі паводзіны іншых людзей, але нават саміх людзей. І забываем адну простую рэч: якім правам мы робім сябе суддзямі? Якое права мы маем асуджаць іншых? Гэтае права належыць Богу. Мы, канешне, можам крытыкаваць пэўныя спосабы дзеяння ці паводзіны некаторых людзей, але з лагоднасцю і такім чынам, каб не паўтараць гэтых памылак самім. А мы самі добра ведаем, што часцей за ўсё тое, у чым вінавацім бліжніх, робім самі. Такая праўда. І што тады рабіць?

Напэўна, калі плануем вырасціць цудоўны сад, то маем на думцы, што гэта будуць добрыя пладавітыя дрэвы. Нам важны плён, таму мы прыкладаем усялякія намаганні, каб наш сад рос, развіваўся, не хварэў. Гэтак жа адбываецца ў чалавечым жыцці.

І, вобразна кажучы, мы чымсьці падобныя да дрэваў у садзе. Толькі пытанне: які плён мы прыносім і ці прыносім наогул?

Хрыстус сёння нам кажа: «Кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе: не збіраюць з церня смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду». Добрае і зразумелае параўнанне, каб глыбока задумацца сёння, якім дрэвам у Божым садзе мы з’яўляемся. Я ўпэўнены, што кожны з нас жадае быць добрым дрэвам і прыносіць добрыя плады. Толькі бывае гэта па-рознаму.

Каб быць такім добрым дрэвам, трэба рабіць шмат намаганняў са свайго боку. Калі мы ў саміх сабе заўважаем, напрыклад, нейкую крывадушнасць, належыць як мага хутчэй яе пазбавіцца, бо інакш гэтая загана апляце нас з усіх бакоў, як плюшч, і нашага «дрэва» не будзе і бачна. Так належыць рабіць з любой іншай заганай, якую заўважаем у сабе. Як жа важна быць аб’ектыўна самакрытычным. Гэтая праца нялёгкая і, канешне, будзе нам каштаваць немалых намаганняў. Але вынік яе цудоўны.

Супрацоўнічаючы з Божай ласкай, мы з добрымі і высакароднымі намерамі ўласнага сэрца памножым добрыя плады нашага жыцця.

А гэта ў сваю чаргу прынясе нам радасць, і мы забудземся пра той балючы досвед нашага ўзрастання, нашага фарміравання. Будзем не толькі радавацца з саміх сябе, але і станем прыкладам, каб нас наследвалі іншыя, хто падзяляе нашыя погляды і імкнецца быць мудрым у Пану.

Дарагія браты і сёстры! Сённяшнія евангельскія парады Хрыста, якія мы пачулі, — гэта добрая нагода выхаваць у сабе добрае сэрца, стаць дрэвам, якое будзе прыносіць добрыя плады. А гэта значыць, нам не трэба быць хуткімі на асуджэнне кагосьці, наогул нікога не трэба асуджаць або вінаваціць. А калі і робім высновы, як з уласных паводзін, так і з паводзін іншых людзей, то вельмі важна, каб было месца на прабачэнне і шанс выправіцца.

У Бога мы заўсёды маем шанс стаць лепшымі, трэба такі шанс даваць таксама і людзям. Людзі не змяняюцца, калі не зменіць іх Божая ласка.

Таму, як кажа сёння апостал Павел, будзьце моцнымі, непахіснымі, заўсёды будучы цалкам адданымі справе Пана і ведаючы, што не дарэмная праца ваша ў Пану. Амэн.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.