Batismo de Jesus by Daniel Bonelli
«Шмат разоў і па-рознаму прамаўляў калісьці Бог да айцоў нашых праз прарокаў, у гэтыя апошнія дні прамовіў да нас праз Сына»
Дарагія браты і сёстры!
Гэтымі вышэйузгаданымі словамі распачынаецца Пасланне да Габрэяў, і гэтымі ж словамі я хачу распачаць сённяшняе разважанне над Божым словам у нядзелю, якая таксама завецца святам Хросту Пана.
Што адметнае належыць падкрэсліць і ўзгадаць сёння? Па-першае: сённяшняй нядзеляй завяршаецца літургічны перыяд Нараджэння Пана і ўжо заўтра распачынаецца звычайны перыяд у літургіі Касцёла. Па-другое: нас можа зацікавіць, чаму ў гэты перыяд, калі звычайна разважаем пра нараджэнне Езуса, нашай увазе сёння прадстаўляецца Езус як дарослы мужчына, які прымае хрост? Чаму гэтая падзея змешчана менавіта ў цыкле Божага Нараджэння?
Вярнуся зноў жа да слоў з Паслання да Габрэяў, якія працытаваў на пачатку. Яны могуць стаць для нас вельмі важным ключом да разумення таго, што хоча нам сказаць Бог сёння. Каб нам лепш з гэтым разабрацца, варта паставіць самае галоўнае пытанне: чым для нас з’яўляецца сённяшняе свята? Які яго сэнс? І зараз, крок за крокам, адказваючы на іншыя пытанні, прыйдзем да галоўнага, адказ на якое кіне святло не толькі на разуменне сённяшняй нядзельнай урачыстасці, якую святкуем, але на духоўнае жыццё наогул.
Дык вось, разважаючы над першымі словамі з Паслання да Габрэяў, можам сказаць, што сённяшняе свята Хросту Пана з’яўляецца не толькі аб’яўленнем Езуса Хрыста як Месіі і Збаўцы, але ў Хрысце асабліва сёння аб’яўляецца Бог, які дае ўрачыстае сведчанне. Інакш кажучы, Бог прамаўляе праз свайго Сына.
Тым голасам Бога, які мы чуем у Пасланні да Габрэяў, калісьці былі словы, прамоўленыя з вуснаў прарокаў, але зараз, у месіянскую эпоху, Бог прамаўляе праз свайго Сына. Айцец урачыста інаўгуруе місію свайго Сына.
Дарагія! Першае пытанне, якое нам належыць паставіць, — чым з’яўляўся хрост Яна? Мы ведаем, што Ян Хрысціцель жыў у пустыні, вёў аскетычны, г. зн. суровы, стыль жыцця, меў сваіх вучняў і ўдзяляў хрост пакаяння. Што гэта быў за хрост? Шматлікі натоўп людзей прыходзіў да яго, каб праз акунанне і паліванне вадою ў Ярдане перажыць навяртанне, змяніць ранейшы грэшны стыль жыцця.
Людзі адчувалі духоўную смагу і патрабавалі перамянення свайго жыцця. Яны моцным голасам вызнавалі свае грахі і перажывалі пакаянне. Хрост Яна можам назваць пэўным знешнім рытуальным знакам, які праз ваду абмываў таго, хто прагнуў змяніць сваё жыццё. Гэта быў знешні знак пакаяння, першы, але не галоўны элемент у сапраўдным паяднанні з Богам. Янаў хрост быў пераходным этапам. Чаму?
Тут варта паставіць іншае пытанне: навошта Езус прымае хрост ад Яна? Ці Езус патрабаваў таго, каб хрысціцца? Канешне, не трэба быць вялікім тэолагам ці біблістам, каб адказаць на гэтае пытанне. Езусу не быў патрэбны хрост Яна дзеля ачышчэння і пакаяння, бо Езус быў чысты.
Дык навошта Ён прымае хрост ад Яна? Гэтае ж пытанне турбавала некалі самога Яна Хрысціцеля, таму евангеліст Мацвей запісаў вельмі важнае пытанне: «Гэта мне трэба ад Цябе прымаць хрост, а Ты прыходзіш да мяне?» Гэта пытанне вельмі істотнае. Таму што ў Езусе Ян распазнае Таго, чый хрост будзе дасканалы: гэта значыць у Духу Святым. «Я хрышчу вас вадою, — кажа Ян, — але ідзе мацнейшы за мяне, якому я не варты развязаць раменьчык на сандалях Яго. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём».
Езус Хрыстус не меў граху, таму хрост Яна быў Яму непатрэбны. Але гэты ўчынак Хрыста меў вельмі глыбокі сэнс, які адлюстраваны ў сённяшняй урачыстасці. Евангеліст Мацвей прыводзіць словы, якія Езус кажа Яну: «Дазволь цяпер, бо так належыць нам выканаць усё, што справядліва».
Па-першае, Езус прымае хрост ад Яна, каб збылося сказанае ў пісаннях, каб быць выканаўцам праўды. Па-другое: сэнс уваходу Божага Сына ў воды Ярдана абумоўліваецца тым, што, увайшоўшы, Езус — сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек — асвяціў ваду, пахаваў у ёй старое племя Адама і сімвалічна паказаў, што бярэ на сябе грахі ўсіх людзей.
Хрост Езуса — гэта салідарнасць з кожным чалавекам і адначасова знак таго, што стары грэшны чалавек пахаваны ў водах Ярдана дзеля таго, каб паўстаў новы.
І нарэшце, трэцяе важнае пытанне: што значыць новы хрост Езуса ў Духу Святым? Аб’яўленая Езусам таямніца новага хросту мае вельмі глыбокі духоўны характар. Гэта іншы хрост, які цалкам адрозніваецца ад хросту Яна. Гэты новы хрост вынікае з таямніцы мукі, смерці і ўваскрасення Езуса Хрыста. Ён з’яўляецца ўваходам у рэчаіснасць Найсвяцейшай Тройцы, якая нас запрашае да камуніі, удасканальвае нас і яшчэ больш ачышчае, адорвае любоўю і робіць нас сапраўднымі Божымі дзецьмі. Каб мы, як кажа апостал Павел у другім сённяшнім чытанні, адрокшыся ад бязбожнасці і пажадлівасці свету, жылі ў цяперашнім жыцці разважліва, справядліва і пабожна, чакаючы шчаслівай надзеі і аб’яўлення хвалы вялікага Бога і Збаўцы нашага Езуса Хрыста.
І ў гэтым новым хросце вельмі важнае сведчанне самога Бога, якое мы сёння пачулі ў Евангеллі: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я». Гэтымі словамі Бог заўсёды звяртаецца да нашых сэрцаў, калі мы ў сваім духоўным жыцці стараемся прымаць новы хрост Езуса.
Справа ў тым, што чалавек у духоўным развіцці вельмі часта застаецца на ўзроўні хросту Яна. Сваё духоўнае жыццё ён зводзіць да рытуальнага ачышчэння. Раз у год быць на споведзі — і гэтага хопіць. Або трактуе сакрамэнт паяднання толькі як прыладу да ачышчэння. Ёсць грахі — ну тады спавядаюся. Гэта штосьці падобнае да плямы на адзенні: калі адзенне бруднае — гэта непрыемна, гэта прыносіць дыскамфорт, і сучасны чалавек, культурны чалавек, кідае гэтае адзенне ў пральную машыну.
Штосьці падобнае адбываецца і ў справах духоўных. З’яўляюцца плямы граху на вопратцы душы — пайду да святара, каб ён праз сакрамэнтальнае адпушчэнне гэтыя плямы мне змыў. Тады мне камфортна і добра на душы і можна спакойна жыць далей. Да наступнай сустрэчы ў канфесіянале. Усё гэта добра, але ў гэтым няма духоўнага развіцця. Тут назіраем вобраз хросту Яна. Добра, што гэты хрост ёсць, добра, што мы спавядаемся, але трэба ісці далей.
Абмыцца ад граху — гэта добрая справа, але гэтага яшчэ мала. Калі змагаемся з грахом, то трэба не толькі змагацца з яго наступствамі, але і шукаць прычыну граху, каб гэтага граху не было.
А для гэтага нам патрэбны хрост Езуса, новы хрост, хрост у Духу Святым. Толькі тады мы будзем здольныя шукаць сімптомы духоўнай хваробы, каб яе вылечыць, а не спынімся на тым, каб прымаць духоўнае «абязбольваючае».
Напрыклад, у сваім жыцці, калі не ведаць, у чым прычына высокай тэмпературы, і пастаянна яе збіваць якімсьці моцным сродкам, напрыклад, «ібуклінам», то можна памерці ад пнеўманіі. А калі своечасова паказацца ўрачу, знайсці сімптомы хваробы, прычыны высокай тэмпературы, то ў нас ёсць значна большыя шансы і вылечыцца, і ўмацаваць свой арганізм. Штосьці падобнае адбываецца і ў духоўным жыцці. Абмыцца з граху мала, трэба мець дастаткова сілы волі, каб знайсці ачаг граху і яго ліквідаваць. Таму для кожнага з нас вельмі важна духоўна ўзрастаць і ўдасканальвацца.
Дарагія браты і сёстры! Такім чынам прыходзім да пастаўленага на самым пачатку пытання: які сэнс сённяшняга свята? Каб мы, узрастаючы ў Божай ласцы, імкнуліся наследаваць Хрыста і чакалі сустрэчы з Ім. Каб мы разам з Хрыстом пахавалі свайго старога грэшнага чалавека і апрануліся ў новага, ачышчанага ў Духу Святым, у самога Хрыста. Бо толькі апрануўшыся ў Яго мы можам пачуць словы: «Ты Сын Мой умілаваны, Ты дачка Мая ўмілаваная, Цябе ўпадабаў Я». Амэн.