“Шукайце Пана, пакуль Ён дазваляе знайсці сябе, клічце Яго, пакуль Ён блізка!”
Дарагія браты і сёстры!
Прыпавесць, пачутая намі сёння ў Евангеллі, якая распавядае аб работніках у вінаградніку, перш за ўсё адкрывае нам вялікую Божую дабрыню і міласэрнасць і ўказвае на патрэбу пастаяннай працы і актыўнасці чалавека ў імкненні да збаўлення. На гэтым шляху мы не можам быць бяздзейснымі.
Распачынаецца чарговы тыдзень працы, вучобы дзяцей і моладзі. Напэўна, для нас усе гэтыя штодзённыя праблемы хоць і складаныя, але важныя. Яны нас больш ці менш цікавяць. Можа, часам непакояць. Добра было б, каб кожны з нас задумаўся і паразважаў у кантэксце сённяшняга Евангелля, ці ўспрымаем мы сённяшні напамін Хрыста і як яго ўспрымаем.
«Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?» Гэтае пытанне Хрыстус сёння задае кожнаму з нас: дзецям, бацькам, настаўнікам, выхавацелям - усім нам. Справа ў тым, што неаднойчы шмат хто з нас вядзе вельмі актыўнае жыццё, займаецца рознага роду працай, аднак здараецца так, што мы не займаемся тым, чым займацца павінны. І прыходзіць час, калі мы становімся занепакоенымі і забеганымі менавіта з-за гэтай мітусні. І так насамрэч атрымоўваецца, што стаім бяздзейсна, бо не робім крок наперад, мітусімся, стоячы на месцы.
Напрыклад, калі ўзгадаць справу выхавання дзяцей. Напэўна, кожны з бацькоў жадае, каб яго дзеці былі выхаваны добра, каб іншыя людзі ставілі іх у прыклад, а ў будучыні каб гэтыя дзеці сталі надзейнай апорай для сваіх бацькоў. Каб у гэтым выхаванні дабіцца добрых вынікаў, патрэбны час, патрэбны нашы намаганні ў гэтым накірунку і, што самае важнае, патрэбна наша ўласнае самавыхаванне. Часамі мы, дарослыя, якія павінны даваць добры прыклад у выхаванні, паводзім сябе як дзеці, а можа, нават яшчэ горш. Лічым сябе кампетэнтнымі і аўтарытэтнымі, каб павучаць або даваць добры прыклад, аднак чагосьці нам яшчэ не хапае ў гэтым навучанні ці выхаванні.
Шмат бацькоў, настаўнікаў ці выхавацеляў перажываюць крызіс сваёй веры. Можа, яны яшчэ неяк трымаюцца, ходзяць у касцёл, але толькі ў якасці пасіўных гледачоў, а не ўдзельнікаў. Мае дарагія, святая Імша — гэта не тэатральнае прадстаўленне, але гэта супольная і адначасова індывідуальная сустрэча з Богам, у якой патрэбны наш дзейсны ўдзел. Любоў, якая ажыўляе нашу веру накіравана ў два бакі, як пісаў аб гэтым папа Бэнэдыкт XVI у энцыкліцы Deus Caritas est: «Той, хто жадае дарыць любоў, павінен сам атрымоўваць яе ў дары. Канешне, чалавек сам можа стаць крыніцай — як кажа Хрыстус, — з якой пацякуць рэкі жывой вады. Аднак, каб стаць такой крыніцай, чалавек сам павінен чэрпаць гэтую ваду з першаснай крыніцы, якой з'яўляецца Езус Хрыстус, бо з Яго прабітага сэрца выцякае Божая любоў». Таму, каб дзяліцца досведам веры з іншымі, нам трэба самім гэтую веру ў сабе мець, развіваць і ўмацоўваць. Бо здараецца і так, што бацькі трымаюць пры сабе дзяцей, якія практычна не бачаць Касцёла знутры.
«Чаму вы стаіце тут цэлы дзень без працы?» - усклікае сёння да нас Хрыстус, каб мы задумаліся над нашай верай, над нашымі адносінамі да іншых людзей. Каб не толькі спыніліся, сцвярджаючы слабасць нашай веры, але каб імкнуліся з гэтага крызісу выйсці. Таму Езус заахвочвае нас ісці да Яго вінаградніку, не стаяць бяздзейсна, не марнаваць сваіх талентаў у імя нейкіх амбіцый або недахопу пакоры. Кожны з нас праз веру вучыцца ў школе Хрыста, і, бывае, нам трэба нанова ад пачатку вучыцца веры праз слуханне Божага слова і поўны ўдзел у Эўхарыстыі.
Гэтае ж пытанне сёння Хрыстус паўтарае бацькам, настаўнікам і выхавацелям адносна дзяцей, якія рыхтуюцца да прыняцця святой Камуніі. Колькі дзяцей у імя Езуса пыталіся ў сваіх таты ці мамы: чаму ты сёння не ідзеш са мною ў касцёл? Чаму не прыступаеш разам са мною да святой Камуніі? Чаму не робіш тое, што хочаш, каб я рабіў? І тут узнікае пытанне для нас, дарослых: што нам рабіць?
Дарагія! Напэўна, многія з нас спазналі блізкасць Бога, сузіраючы прыгажосць прыроды, магчыма, калі нас напаткала няшчасце ці хвароба або слухаючы Божае слова, у сваім жыцці мы зведалі Яго міласэрнасць. На нашых плячах ляжыць вялікая адказнасць за выхаванне і прыклад веры, таму Хрыстус нас запрашае да супрацоўніцтва, і адказам на гэтае пытанне можа стаць наша свядомая і дабравольная сустрэча з Богам, які прабачае праз сакрамэнт пакаяння і паяднання. На пачатку гэтай нялёгкай місіі варта запытаць Бога праз святара ў канфесіянале: што мне рабіць? А потым з палёгкай, з вялікай цярплівасцю і даверам працаваць у Божым вінаградніку, слухаючы словы самога Хрыста ў Касцёле, чытаючы Святое Пісанне, молячыся з пакораю і сілкуючыся Эўхарыстыяй.
Умілаваныя! Хрыстус кожны дзень запрашае нас да свайго вінаградніку. Ніколі не позна ў ім працаваць. І заўсёды ёсць шанец сюды вярнуцца зноў, бо Хрыстус кожнага з нас чакае, каб мы вярнуліся да пачатку і яшчэ раз запыталіся: дзе ёсць Бог, які сэнс майго жыцця? Словы пакорнай малітвы і канфесіянал — гэта істотная дапамога, каб верна крочыць правільным шляхам, не губляючы Хрыста з поля зроку.
«Ідзіце і вы да вінаградніка» — гэтае запрашэнне мы можам пачуць не толькі сёння. Пытанне толькі заключаецца ў тым, як мы на гэта адрэагуем, што пачнем рабіць, калі пачуем у глыбіні сэрца падобнае пытанне Хрыста. Ці будзем бяздзейсна стаяць, як некаторыя работнікі з сённяшняй прыпавесці? Ці, можа, будзем апраўдвацца, што нас ніхто не наняў? Напэўна, не! Не трэба адкладваць збаўленне сваёй душы на апошнюю хвіліну. Бо ніхто не ведае, калі ў нашым жыцці настане гэтая апошняя хвіліна. Самае важнае, каб мы не спазніліся! Амэн.