Пошук

16.09.2017 18:34   А. Андрэй Авен OCD / Catholic.by

1 чыт.: Сір 27, 30 – 28, 7; Пс 103 (102), 1–2. 3–4. 9–10. 11–12.

2 чыт.: Рым 14, 7–9.

Ев.: Мц 18, 21–35

Дарагія браты і сёстры! У кантэксце сённяшняга Божага слова мы можам убачыць, кім з’яўляемся і чаго патрабуем. Калі сумленна прыгледзімся да сваіх паводзінаў і жыцця наогул, то прыйдзем праз рахунак сумлення да высновы, што мы дастаткова часта робім грэх, і як вынік гэтага – маем патрэбу ў Божым прабачэнні. І сапраўды, гэтае прабачэнне Бог нам заўсёды гатовы ўдзяліць, прабачыць нам, калі мы ўсведамляем учыненае зло і грэх і жадаем выправіцца.

Але ёсць яшчэ адзін момант, вельмі важны, якога ад нас чакае Бог, - а менавіта каб мы былі гатовыя прабачыць тым, хто якімсьці чынам пакрыўдзіў нас. Паглядзіце: першае чытанне з кнігі Сіраха ставіць прабачэнне бліжняму ўмовай атрымання прабачэння ад Бога: “Калі чалавек трывае ў гневе на чалавека, то ці можа ён шукаць аздараўлення ад Пана?”

І гэта далёка не рытарычнае пытанне. Божае слова вучыць нас, што, каб атрымаць Божае прабачэнне, якога патрабуе кожны чалавек, бо неаднаразова трапляе ў грахі і памылкі, якімі крыўдзіць Бога, яму трэба мець чыстае сэрца - чыстае ад гневу, ад крыўды, каб па-сапраўднаму атрымаць прабачэнне ад самога Пана. І гэтае прабачэнне, па сутнасці, узаемазалежнае. Бо, калі разважаем над сённяшнім Евангеллем, то прыходзім да высновы, што прыняцце прабачэння ад Бога дапамагае ад сэрца прабачыць бліжняму. Такім чынам, можам убачыць, наколькі адно залежыць ад другога. Так, як і запаведзь любові: на першым месцы гэтая любоў датычыць Бога, а на другім - бліжняга. І гэтая запаведзь непадзельная: як можаш любіць Бога, калі не любіш бліжняга?

Але, мае дарагія, у штодзённым жыцці гэтую ўзаемазалежнасць любові і прабачэння бывае вельмі складана заўважыць, а яшчэ значна цяжэй бывае яе практыкаваць. Мы прыступаем да сакрамэнту пакаяння, прызнаёмся ва ўсіх нашых грахах, атрымоўваем праз паслугу святара адпушчэнне грахоў і, здаецца, з лёгкасцю выходзім з канфесіянала, толькі застаецца не забыць учыніць наказаную пакуту - але не толькі гэта застаецца. Нягледзячы на тое, што мы адчуваем сябе паяднанымі з Богам, бывае так, што нашыя адносіны з бліжнімі не паляпшаюцца, і прычым доўгі час. Сяброўскія сувязі з імі парушаны, ды і выправіць іх нам не хапае сілаў, а можа, і жадання. Колькі ў нас яшчэ застаецца, дзесьці ў глыбіні, ранаў, якія нам учынілі бліжнія, колькі крыўдаў яшчэ ўзнікае перад нашымі вачыма, за якія мы, можа, нават хочам адплаты ці помсты - за няправільныя адносіны да нас і гэтак далей. Колькі можам прыгадаць зведаных крыўдаў, болю і нясправядлівасці, якія яшчэ застаюцца ўнутры нас, дзесьці глыбока ў сэрцы, і з цягам часу пачынаюць нас непакоіць. А як жа складана, хоць мы і ведаем аб Божым прабачэнні і запаведзі любові, гэтыя крыўды закрыць прабачэннем і паяднаннем, выкрычаць у сабе гэты боль і спазнаную несправядлівасць, дараваць так, як вучыць сёння нас Езус.

Насамрэч, дарагія браты і сёстры, гэта вельмі складана, але мы на гэта здольныя. Узаемнае прабачэнне дазваляе больш поўна і па-сапраўднаму перажыць прабачэнне Божае. І гэта нам хоча сёння сказаць Езус. Мы вельмі часта думаем тымі ж катэгорыямі, што і апосталы ў свой час, а дакладней, задаем у нечым падобнае пытанне, як калісьці задаў Езусу Пётр: “Пане, калі мой брат будзе грашыць супраць мяне, колькі разоў я павінен прабачаць яму? Ці аж сем разоў?” Як жа часта мы, людзі, хуткія да абмежавання таго, што паходзіць ад Бога. У нашай чалавечай натуры прысутнае нейкае нястрыманае жаданне быць суддзёй: калі хтосьці правініўся супраць нас, ды яшчэ не адзін раз, то, як кажам, нашае цярпенне лопаецца і да таго чалавека мы ставімся, можа, нават з пагардаю, тлумачачы, што такія адносіны ён заслужыў. Але калі мы хочам прыняць Евангелле Хрыста да сэрца, то на такі жыццёвы падыход мы не маем права.

Што адказаў на гэтае хвалюючае пытанне Пятру Хрыстус: “Не кажу табе, што аж сем разоў, але ажно семдзесят сем разоў”. Гэта значыць, нам трэба быць заўсёды адкрытымі на прабачэнне нашым бліжнім, бо перад Богам мы ў падобным становішчы і Ён не абмяжоўвае для нас сваёй дабрыні, цярплівасці і міласэрнасці. Уявіце сабе, каб, прыступаючы да споведзі, хтосьці пачуў: “скончылася ўжо Божая міласэрнасць, колькі можна грашыць ужо і крыўдзіць Бога”. Мае дарагія, мы ніколі такога не пачуем. Натхнёныя Божым Духам вусны святара прамовяць да нашага сэрца словы, аб якіх сёння сказаў Хрыстус Пятру: калі ты нават зграшыш семдзесят сем разоў, і калі шкадуеш і хочаш выправіць сваё жыццё, Я табе гэта прабачу і буду прабачаць далей, да таго моманту, калі ты будзеш гатовым увайсці ў Валадарства вечнага шчасця і быць са Мною ўсю вечнасць. Вось што нам сёння кажа Езус.

Калі ты, дарагі брат, дарагая сястра, разумееш гэтыя словы, сказаныя нашым Збаўцам, то лепш зразумееш малітву “Ойча наш”, асабліва тыя словы, якія змяшчаюць у сабе праўду аб прабачэнні, аб сіле прабачэння і яго неабходнасці: “як і мы адпускаем вінаватым нашым”. Мы прамаўляем гэтыя словы кожны раз, калі молімся малітвай, якой нас навучыў Езус Хрыстус. Што мы думаем, калі прамаўляем гэтыя словы, ці ўсведамляе наш розум тое, што кажуць нашыя вусны? Як мы даруем нашым бліжнім? Над гэтым варта задумацца кожнаму, варта нам адкрыць моц Божага прабачэння, якое залежыць таксама ад нашага чалавечага прабачэння адно аднаму. Мы сёння пачулі не проста прыгожыя словы і прыпавесць, запісаныя ў Евангеллі, - мы дакрануліся да Божай праўды, якая ўплывае на нашае жыццё, і духоўнае, і чалавечае...

Абноўлена 07.09.2020 16:57
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа