Пошук

24.08.2017 12:56   Catholic.by

1 чыт.: Іс 22, 19–23; Пс 138 (137), 1–2a. 2bc–3. 6 i 8bc.

2 чыт.: Рым 11, 33–36.

Ев.: Мц 16, 13–20

«О, глыбіня багацця і мудрасці, і пазнання Бога! Якія неспасцігальныя прысуды Яго і нязведаныя шляхі Ягоныя!»

Дарагія браты і сёстры!

Сёння Езус задае сваім вучням правакацыйнае пытанне: «Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?» Адказ быў неадназначны, бо адны лічылі Езуса Янам Хрысціцелем, іншыя – Іллёю, а яшчэ іншыя – Ераміяй або адным з прарокаў.

Калі Езус пачуў, то паўтарыў пытанне, скіроўваючы яго непасрэдна да сваіх вучняў: «А вы кім лічыце Мяне?» Дарагія браты і сёстры, пастаўленае пытанне становіцца для нас добрай нагодай, каб паразважаць, што яно значыла для апосталаў і які адказ на яго мы можам даць сёння.

Нас можа зацікавіць, навошта Езус задае ім гэтае пытанне – хіба і так ведае адказ на яго. Напэўна, вучні ўжо паспелі ўбачыць шмат знакаў і цудаў, якія здзейсніў Езус. Яны таксама былі сведкамі шматлікіх аздараўленняў, якія здзяйсняў іх Настаўнік, і сведкамі цуду памнажэння хлябоў. Вучням таксама давялося ўбачыць, як Хрыстус крочыў па Галілейскім возеры. І вось настаў той пераломны момант, каб усе гэтыя падзеі старанна прааналізаваць і зразумець, кім жа насамрэч з'яўляецца іх Настаўнік з Назарэта.

Вельмі часта здаралася так, што пэўныя пытанні цікавілі вучняў, толькі яны саромеліся запытацца. Магчыма, і гэтая сітуацыя была падобнай, і тады Езус сам кіруе да іх гэтае пытанне. Голас бярэ апостал Пётр, які адназначна адказвае: «Ты — Хрыстус, Сын Бога Жывога».

І гэта, мае дарагія, быў не проста адказ. Гэта было вызнанне веры, якое Пётр выказаў ад імя ўсіх вучняў. Таму пытанне, якое Езус ім задаў, не было з мэтай заспакоіць цікавасць, але каб закласці падмурак Касцёла на веры апостала Пятра, які вызнае гэтую веру ад імя ўсёй супольнасці вучняў. Менавіта таму Езус звяртаецца да Пятра: «Ты — Пётр (скала), і на гэтай скале Я пабудую Касцёл Мой, і брамы пякельныя не перамогуць яго».

З падобным пытаннем Езус звяртаецца да кожнага чалавека, які шукае Бога ў сваім жыцці. У розных людзей існуе розны падыход да разумення Бога, да таго, кім Ён з’яўляецца. Для адных Ён толькі гіпотэза, якая тлумачыць шмат з’яваў у жыцці чалавека і таксама ў сусвеце. Для іншых Бог – гэта далёкая рэчаіснасць, якая не мае істотнага ўплыву на наша жыццё. Такія людзі часта трактуюць Бога як нейкую далёкую зорку ў бязмежнай касмічнай прасторы. Вядома, што зорка існуе, а ўбачыць яе можна пры дапамозе тэлескопа або спадарожніка. Можна на гэтую тэму шмат даведацца пры дапамозе падручнікаў, навуковых праграм, астранамічных даследванняў ці энцыклапедый і г.д. Але мільёны людзей паміраюць, наогул не ведаючы нічога пра планеты, зоркі і ўвесь космас.

Ёсць тыя, для каго Бог – гэта нейкая вельмі далёкая рэчаіснасць, якая не мае ніякага ўплыву і дзеяння на чалавека. Яны толькі вераць, што Ён існуе. Значна больш іх можа цікавіць сусед, які жыве побач, чым Бог і Яго Таямніца.

А яшчэ для іншай катэгорыі людзей Бог – гэта штосьці накшталт сонца, а яны жывуць у яго бляску. Яны ведаюць вартасць святла і цяпла. І хоць могуць спазнаваць у сваім жыцці доўгія ночы і цемру, але ўсведамленне таго, што некалі дачакаюцца цёплага сонечнага надвор’я, дазваляе ім перамагчы буры і непагадзь. Такі падыход да Бога робіць веру жывой, дае чалавеку моц і святло. Але ўсё роўна Бог гэты высока ў небе, а чалавек нізка на зямлі. І дзейнічае, нібы промні сонца, а чалавек, жывучы на зямлі, толькі цешыцца гэтымі промнямі.

Дарагія! Пераломным момантам у развіцці веры з’яўляецца адкрыццё Бога, які побач, які з намі супрацоўнічае. Ён блізка да нас, плячо ў плячо, каб з намі быць у нашым штодзённым жыцці, каб разам з намі вырашаць усе важныя праблемы. Гэтае адкрыццё веры з’яўляецца ў той момант, калі перада мною ўзнікае сітуацыя, якую я ўласнымі сіламі вырашыць не магу. Яна перарастае мае чалавечыя магчымасці. Перада мною пастаўлена нейкае заданне, а паколькі, па-чалавечы кажучы, гэта амаль немагчыма, то трэба выконваць гэтае складанае заданне, верачы, што Бог мне дапаможа і я ўсё рэалізую, як бы дзіўна і складана мне гэта ні здавалася.

Гэта штосьці накшталт таго, як, напрыклад, чалавек, выконваючы складаную працу, хоча перанесці цяжкую бэльку, якую падняць і несці вельмі няпроста, і таму просіць Бога, каб Ён дапамог яму ў гэтай працы, каб яе паспяхова выканаць. Верачы ў гэта, ён узнімае бэльку і, хоць не бачыць Бога, але дасканала адчувае, што Ён разам з ім нясе гэты цяжар. Гэта сяброўскі давер Богу. Бо сяброўства заўсёды звязана з супрацоўніцтвам, і сябры заўсёды разам. Не паасобку. Сапраўдны сябар гатовы падтрымаць у любой сітуацыі. І ў жыцці кожнага з нас гэтым сапраўдным сябрам заусёды з’яўляецца Бог і нашы бліжнія, якія нас любяць.

Адзін святар ведаў маладую сям’ю, у якой было двое малых дзяцей. Гэтая сям'я ледзь зводзіла канцы з канцамі. Жылі яны вельмі бедна. Сям'я чакала, пакуль жонка выйдзе на працу пасля дэкрэтнага адпачынку. Праз нейкі час яны даведваюцца, што пад яе сэрцам заіснавала яшчэ адно жыццё. І ў сям’і адразу з’яўляецца страшная спакуса забіць гэтае жыццё перад нараджэннем, здзейсніць аборт. Сям’я з болем і цяжкасцю перажывала тыя дні складаных выпрабаванняў, але скончылася ўсё канкрэтным рашэннем мужа, які падтрымаў сваю жонку, кажучы, каб яна нарадзіла дзіця, аб астатнім хай Бог клапоціцца.

Ад таго моманту прайшло нямала часу. Сёння гэта шчаслівая сям’я, якую можна часта ўбачыць разам і ў касцёле, і на прагулцы. І муж часта ўспамінае гэтыя цяжкія моманты, якія былі сур'ёзным выпрабаваннем іх веры, але адзначае, што з таго часу вельмі шмат змянілася. Хоць і былі гэта нялёгкія жыццёвыя выпрабаванні, але зараз з Божай дапамогай жыццё складваецца па-новаму. Гэтая сям'я пачала апекавацца старой цёткай, і за апеку яны атрымалі жыллё. Муж змяніў працу і знайшоў вельмі шмат добрых сяброў. У жонкі таксама выдатная праца. Яны шчыра ўдзячныя за гэта Богу! Калі святар пачуў гэтыя словы, то пракаментаваў іх жыццёвую падзею як Божае благаслаўленне, таму што, прымаючы гэтае дзіця, бацькі прынялі самога Бога ў сваё жыццё! І з таго моманту Ён супрацоўнічае з гэтай сям'ёй і з’яўляецца іх найлепшым сябрам. Існуе шмат падобных прыкладаў, дзе праз давер Богу мы можам пераадолець цяжкасці, якія ставіць перад намі жыццё. Важна гэтыя моманты сабе прыгадаць, каб падзякаваць за іх Богу і вучыцца з пакораю прымаць усё, што Ён нам спасылае ў жыцці, як лёгкае, так і складанае.

Умілаваныя ў Хрысце! Апосталы да моманту спаслання Духа Святога мелі шмат планаў і перспектыў, але, адчуваючы сваю чалавечую абмежаванасць, увесь той час сядзелі, поўныя боязі, у зачыненым памяшканні. Па сутнасці, гэта не было чымсьці дрэнным, бо тыя перажыванні іх ядналі, але ўсё ж яны не маглі ў паўнаце выконваць сваю апостальскую місію. І толькі з моманту, калі свае сілы яны аб'ядналі з сілаю Бога, апосталы пачалі з Ім супрацоўнічаць і здзейснілі такія справы, якімі самі былі глыбока ўражаны.

Для кожнага веруючага, для нас з вамі Бог – гэта не гіпотэза, не аддаленая, быццам далёкая зорка, рэчаіснасць, нават не сонца на небе, але сапраўдны Сябар, дзякуючы якому можам зразумець, чым ёсць сяброўства і любоў насамрэч. Таму Езус сёння пытаецца ў кожнага з нас: «А кім ты лічыш Мяне?» Які адказ мы дадзім на гэтае пытанне – гэта залежыць ужо толькі ад нас. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Абноўлена 31.07.2020 22:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа