Пошук

07.01.2011 00:00  

1 чыт. Іс 42, 1–4. 6–7; Пс 29 (28), 1a і 2. 3ac–4. 3b і 9b–10.
2 чыт. Дз 10, 34–38.
Ев. Мц 3, 13-17
.


Салідарны Езус Хрыстус — Збаўца

Ян Хрысціцель прапаведаваў хрост пакаяння, заклікаў людзей прыняць хрост, каб такім чынам выказаць сваю волю да навяртання і пазбегнуць суда Божага, які мае адбыцца. Гэтае прапаведаванне было строгім і вострым асуджэннем грэшнага становішча, у якім жылі людзі. Ян вылучыўся з іх натоўпу, і ў параўнанні з імі яго паводзіны цалкам адрозніваліся. Езус прадстаўляецца Яну грэшнікам, салідарным з імі, які мае ўдзел у лёсе ўсіх людзей, якія адчувалі неабходнасць навяртання, і патрабуе, каб Ян ахрысціў Яго.

Хто гэты Месія, які праяўляе сябе салідарным з грэшнікамі? Безумоўна, Ён не можа быць грэшным, бо ў такім выпадку Ён бы не мог быць Збаўцам. Ён — Месія, аднак не глядзіць з пагардай на грэшнікаў. Ужо з пачатку свайго служэння Ён выбірае «нядобрае грамадства» грэшнікаў, а пазней стане «сябрам мытнікаў і грэшнікаў».

Жэст салідарнасці Езуса ля ракі Ярдан мае сімвалічны характар і з’яўляецца прыметай таго, што Ён будзе рабіць падчас свайго жыцця на зямлі. Такім чынам, у лучнасці з Езусам мы можам жыць пры адной умове — калі прызнаем сябе грэшнікамі. Толькі тады Езус дасць нам Духа Святога, які выбавіць нас ад грахоў і прынясе збаўленне.


Слуга Пана

Першае чытанне (Іс 42, 1–7) узята з першай песні пра слугу Пана. Уся ініцыятыва паходзіць ад Бога: Ён выбраў сабе слугу, спаслаў на Яго Духа, паклікаў Яго, узяў за руку, сфармаваў Яго і даверыў місію. Гэты «слуга» не скардзіцца, не выказваецца на адкрытых сходах, Яго амаль ніхто не заўважае, і ўсё ж такі Ён мае сваё пасланніцтва. Ён абвяшчае «права» — Божую волю, Ён з’яўляецца святлом народаў і заключыць запавет з ізраэльскім «народам» і з усім чалавецтвам. Ён адкрывае вочы сляпым і вызваляе зняволеных. Для ўсіх, хто мае сумненні ў сапраўднасці і абгрунтаванасці такога пасланніцтва, прызначана слова Пана, якім Ён дае паўнамоцтвы свайму слузе ў Яго служэнні.

Слуга мае цалкавітую падтрымку ад Пана, які прымае Яго бескарыслівую ахвяру («Вось слуга Мой, якога ўпадабала душа Мая»). Пан узвядзе Яго на пасаду, каб ён абвяшчаў і здзяйсняў Божае абяцанне збаўлення і запавет.

Хто гэты слуга? Даследчыкі Святога Пісання вядуць спрэчкі адносна таго, датычыць гэта адной асобы (каралеўскай або сімвалічнай) або грамадства. Мы можам прыняць гіпотэзу, што слуга — гэта сам ізраэльскі народ, які атрымаў ад Бога ўжо адзначанае вышэй пасланніцтва. Сам Бог праз пасрэдніцтва прарока прадстаўляе яго свету: «Вось слуга Мой!». Слуга — тут не столькі «прапаведнік», бо не прамаўляе гучным голасам на адкрытым месцы. Слуга абвяшчае волю Пана не столькі словамі, колькі жыццём сваім.


Намашчаны Духам Святым

У прамове Пятра (гл. Дз 10, 33–48), накіраванай на пасхальнае пасланніцтва, першыя вершы кажуць пра служэнне Езуса тут, на зямлі. Пётр аб’яўляе, што Езус — Пан усіх (пар. Дз 10, 36), і таму чалавек не абавязкова павінен належаць Ізраэлю, каб аддаваць Богу пашану. Бог сапраўды «не зважае на асобу» (пар. Дз 10, 34), а значыць адкрыты для кожнага, хто ў Яго верыць: «Кожны, хто верыць у Яго, атрымае дараванне грахоў праз імя Ягонае» (пар. Дз 10, 43).

Гэта і пасланніцтва, дадзенае ізраільскаму народу ўжо ў Старым Запавеце, і добрая вестка для свету, якую прыносіць Езус (пар. Дз 10, 36): Езус не знішчае план збаўлення, пазначаны ў Старым Запавеце, Ён спаўняе яго. Езус здзяйсняе сваё пасланніцтва ў межах ізраэльскага народа і прарок Ісая (пар. Іс 42) ідэнтыфікуе Яго са слугой Пана. Такім чынам, Езус з’яўляецца канчатковым і самым дасканалым слугой Пана. Яму Бог даручае пасланніцтва прынесці «супакой» — збаўленне, якое Бог абяцаў у канцы вякоў.

Хоць габрэйскі народ быў абраным, ён быў народам як і ўсе астатнія народы. Таксама і Езус, Сын Божы, быў чалавекам як і ўсе астатнія людзі. Такім чынам, пасланніцтва, якое даручыў Яму Бог, знаходзіцца ў згодзе з гісторыяй чалавецтва: яно здзейснілася ў дакладна абазначаны час і на дакладна абазначаным месцы.

У 37 вершы Дзеяў Апосталаў акрэслены гэтыя геаграфічныя даныя («ва ўсёй Юдэі, пачынаючы ад Галілеі») і храналагічныя межы («пасля хросту, які абвясціў Ян»). Аднак, які сэнс мае хрост таго «Езуса з Назарэта», якога ахрысціў Ян?

Праз хрост Бог намасціў Езуса з Назарэта Святым Духам і моцай, іншымі словамі, увёў Яго ў канчатковае прароцкае пасланніцтва ў якасці Месіі і Збаўцы. Езусу належыць моц Божага Духа, якая рэалізуецца ў здзяйсненні дабра, у аздараўленні і вызваленні ад улады д’ябла. Дух, які у Старым Запавеце заўсёды адпавядае Божаму «рашэнню», з’яўляецца тут пачаткам «рашэння» Езуса аб збаўленні.


Хрост Езуса

Езус прыходзіць да Яна Хрысціцеля, каб прыняць ад яго хрост, і сустракае рэакцыю Яна: «Гэта мне трэба ад Цябе прымаць хрост, а Ты прыходзіш да мяне». Езус адказвае Яну, што праз дадзены хрост Ён і Ян «выканаюць усё, што справядліва».

Гэтымі паводзінамі Езус прызнае моц закліку Яна да людзей, каб яны пакаяліся, навярнуліся; выражае сваю салідарнасць з грэшнікамі, якая прывядзе яго да «хросту крывёю» ці, іншымі словамі, да гвалтоўнай смерці, выкліканай чалавечай злосцю.

Мацвей такім чынам тлумачыць вучням Яна, што Езус не менш значны за Яна Хрысціцеля, Ён атрымоўвае хрост не таму, што грэшнік. Бо і Ян прызнае, што Хрыстус — усявышні і цнатлівы. У хросце Езуса праяўляецца справядлівасць ці Божы план збаўлення (Божая воля).

Перш за ўсё мы бачым, што пасля хросту Езуса, «раскрыліся нябёсы». Неба — гэта паняцце, якое азначае самога Бога. Раскрыццё нябёсаў азначае няспынную камунікацыю паміж Богам і чалавецтвам. Разам з «бачаннем» і «голасам» з неба стварае яго адкрыццё характэрная з’ява тэафаніі, падчас якой Бог і размаўляе з чалавекам. На самой справе хростам Хрыста адкрываецца новая эра Божага аб’яўлення: Бог дае не толькі слова, пасланне, але і самога Сына.

Тэафанія ў сапраўднасці датычыць засведчання асобы Езуса: «Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў». Выраз «якога Я ўпадабаў» з’яўляецца літаральным перакладам старажытнагабрэйскага моўнага звароту, які азначае «у якім ажыццяўляюцца мае жаданні». «Спрыянне» («hefes») азначае тое самае, што і Божая воля, якая пачынае выконвацца ў Хрысце. Такім чынам, праз хрост Езуса ў гісторыю чалавецтва пранікае Божы план збаўлення.

Гаворка не ідзе пра бяздзейсную жаданую волю, а наадварот — аб дзейснай і моцнай. На Езуса сапраўды сыходзіць Божая моц, Святы Дух у выглядзе голуба са сваёй творчай моцай (пар. Быц 1, 2). У Езусе Божы Дух дае пачатак новаму тварэнню, новаму чалавецтву, новаму небу і новай зямлі, якія знойдуць выкананне толькі ў канцы вякоў. У гэтым і заключаецца сэнс хрысціянскага  хросту як пачатку і асновы новага стварэння.

ANTONIO BONORA, Ascoltare Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno A), Elle Di Ci 1989.

Абноўлена 23.06.2017 21:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.